Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ аб парушэньнях свабоды мэдыяў у Беларусі


Юры Сьвірко, Менск Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Міклаш Харашці на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ ў Вене абнародаваў даклад, у якім даў ацэнку становішчу мэдыяў у краінах АБСЭ за апошнія тры месяцы. Рыхтуючы гэты даклад, спадар Харашці зьбіраўся наведаць Беларусь, аднак яму доўга не давалі беларускай візы. І толькі ў апошні момант адпаведнае запрашэньне зь Менску прыйшло.

Міклаш Харашці пазытыўна ацаніў дазвол беларускіх уладаў прыехаць у краіну, хаця й зазначыў, што дамагаўся яго больш за месяц. Праз гэтыя свае паводзіны афіцыйны Менск сам пазбавіў сябе мажлівасьці нешта пракамэнтаваць.

(Харашці: ) “Я мог толькі падсумоўваць інфармацыю, якую мы атрымліваем ад шмат якіх вядомых і паважаных аглядальнікаў мас-мэдыя. І сутнасьць у тым, што сытуацыя са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі сыстэматычна пагаршалася”.

У дакладзе спадара Харашці згадваюцца захады беларускіх уладаў супраць журналістаў, у тым ліку дэпартацыя за асьвятленьне палітычных падзеяў, прыпыненьне й закрыцьцё незалежных газэт і пазбаўленьні іх доступу да дзяржаўных друкарняў, а таксама вельмі высокі ўзровень манапалізацыі тэлебачаньня, бо ўсе чатыры нацыянальныя каналы належаць дзяржаве. Прадстаўнік АБСЭ адзначыў вельмі абмежаваны доступ да незалежнай інфармацыі па-за межамі сталіцы Беларусі. Міклаш Харашці сказаў, што беларуская частка ягонага дакладу была вельмі аб’ёмнай.

(Харашці: ) “Дзевяць старонак штодзённых паведамленьняў аб парушэньнях свабоды мэдыяў, пачынаючы толькі з гэтага году, і ўсё адно гэта было дзевяць старонак, хаця кожнаму парушэньню прысьвячаўся толькі адзін абзац”.

Паводле спадара Харашці, “беларуская дэлегацыя назвала гэтыя факты недаказанымі, непацьверджанымі й неправеранымі”, але іншыя краіны далучыліся да ягонай крытыкі на адрас Беларусі.
XS
SM
MD
LG