Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі атрымаў у турме ложак і скончыў галадоўку, Аляксандра Васільева не зарэгістравалі кандыдатам на дэпутата


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адвакат Аляксандар Бірылаў наведаў у турме Валерыя Леванеўскага. Пасьля гэтага стала вядома, што спадар Леванеўскі два дні таму скончыў галадоўку, паколькі яму нарэшце далі ў камэру ложак. Дагэтуль яму давялося тыдзень спаць седзячы, паклаўшы галаву на стол.

У другой палове дня адвакат павінен быў наведаць таксама Аляксандра Васільева, але гэта яму не ўдалося. Наш карэспандэнт сустрэўся ўвечары з жонкай Аляксандра Васільева Натальляй. Яна сказала, што разам з мужам у камэры 21 чалавек. Яму цяжка, паколькі ў камэры паляць, а ён некурэц. Яна сказала, што і са здароўем у яго ня вельмі добра. Ён служыў у ракетных частках і меў дачыненьне зь ядзернымі ладункамі, яго ўзнагародзілі савецкім ордэнам “За службу Радзіме”.

Сёньня напрыканцы дня выбарчая камісія Гарадзенскай Занёманскай акругі №51 адмовіла ў рэгістрацыі Аляксандру Васільеву, які зьбіраўся балятавацца ў Палату прадстаўнікоў і пасьпеў да заканчэньня суду здаць у камісію 1101 подпіс выбаршчыкаў. 20,3% подпісаў за яго прызнаныя няправільна аформленымі, а таксама была ня ўказаная ў дэклярацыі нейкая грашовая сума. Пра гэта мне паведамілі ў выбарчай камісіі.

Балятавацца ў парлямэнт меўся і Валеры Леванеўскі, але яго ня выпусьцілі са сьледчага ізалятара, і ён ня меў магчымасьці падрыхтаваць усе дакумэнты для рэгістрацыі. Да таго ж, ягоная ініцыятыўная група ня здолела сабраць патрэбную колькасьць подпісаў.

Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева 7 верасьня пасадзілі на два гады кожнага за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі, спалучаную з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства – у злоўжываньні ўладай.

На здымку: Аляксандар Васільеў падчас здачы подпісаў у акруговай выбарчай камісіі – апошні здымак на свабодзе. (Фота С.Астраўцова.)
XS
SM
MD
LG