Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька лічыць рашэньні акруговых камісіяў не юрыдычна, а палітычна матываванымі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Акруговыя камісіі не рэгіструюць кандыдатаў ад апазыцыі выбарачна, пераважна найбольш моцных кандыдатаў.

Зь лідэраў партыяў “Пяцёркі” не зарэгістравалі Аляксандра Бухвостава – з-за скажэньняў у подпісах, і Станіслава Шушкевіча з БСДГ. Апошняга не зарэгістравалі ў адной зь менскіх акругаў, паколькі ў ёй адсутнічае суполка грамады, спадар Шушкевіч у адрозьненьне ад Бухвостава не зьбіраецца аспрэчваць рашэньне камісіі ў ЦВК і Вярхоўным судзе.

Лідэраў БНФ, АГП і ПКБ зарэгістравалі, усе яны балятуюцца ў Менску.

У ПКБ цяпер ведаюць пра 14 зарэгістраваных актывістаў партыі й 9 незарэгістраваных, сярод апошніх – былыя парлямэнтары Віктар Хоміч з Гомелю й Мікалай Петрушэнка зь Віцебскай вобласьці.

У АГП лік незарэгістраваных на гэты час складае 12 чалавек: у Смаргонскай акрузе не зарэгістравалі Зінаіду Бандарэнка – адразу па трох фармальных прычынах; у Менску адмовілі ў рэгістрацыі Паўлу Казлоўскаму – з-за таго, што ў ягонай акрузе ануляваная пярвічка АГП; у Гомелі – Юрыю Варонежцаву, за памылкі ў дэклярацыі. У Гародні адмовілі ў рэгістрацыі Тадэвушу Гавіну.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька называе гэтыя рашэньні акруговых камісіяў не юрыдычна, а палітычна матываванымі.

(Лябедзька: ) “Гэта палітычныя рашэньні: не рэгістраваць моцных людзей, у першую чаргу – у рэгіёнах”.

Разгляд справаў аб рэгістрацыі намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча і прадстаўніка АГП Яўгена Лабановіча адкладзены на 5 дзён.
XS
SM
MD
LG