Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні прайшлі рэгістрацыю сябры БНФ “Адраджэньне”


Сяргей Астраўцоў, Горадня На Гарадзеншчыне сёньня былі зарэгістраваныя некалькі кандыдатаў ад апазыцыйных сілаў. Поўных зьвестак пакуль няма. Тым жа часам некаторым з прадстаўнікоў кааліцыі “5+” адмоўлена ў рэгістрацыі. У Горадні рэгістрацыю не прайшлі прадстаўнікі АГП – Яраслаў Раманчук і Юры Істомін. У Ваўкавыску не зарэгістравалі кіраўніка абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Чырвоненку.

У Гарадзенскай сельскай акрузе не зарэгістравалі незалежнага кандыдата Тадэвуша Гавіна. 62 подпісы, пастаўленых у падтрымку Тадэвуша Гавіна, былі прызнаныя несапраўднымі. Паведаміць, у чым яны несапраўдныя, камісія адмовіліся. Падрыхтаваная скарга ў Цэнтральную выбарчую камісію. Кіраўнік штаба Тадэвуша Гавіна Андрэй Пачобут паведаміў наступнае:

(Пачобут: ) “У нас ёсьць доказы таго, што падчас праверкі сапраўднасьці подпісаў людзей папросту падманвалі. Ім прапанавалі паставіць подпіс нібыта для таго, каб параўнаць з подпісам у падпісным лісьце. А потым аказвалася, што людзі такім чынам падпісвалі акт аб сваёй адмове. Яны ставілі подпіс на чыстым аркушы паперы. Ужо ёсьць афіцыйныя заявы грамадзянаў у Цэнтральную выбарчую камісію”.

У Шчучынскай акрузе зарэгістраваны іншы незалежны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч, у Ваўкавыску – вядомы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. У Горадні зарэгістраваны сябра Сойму БНФ “Адраджэньне” Алесь Астроўскі й кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Мікола Воран. А ў Мастоўскай акрузе быў зарэгістраваны прадстаўнік “Маладой Беларусі” Алесь Зарэмбюк і сябра ПКБ спадар Пудаўкін.
XS
SM
MD
LG