Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў, што інвазія амэрыканскіх войскаў у Ірак была незаконнай, паколькі парушыла Хартыю ААН


Тацяна Поклад, Прага Генэральны сакратар ААН ніколі не хаваў сваё засмучэньне тым, што ЗША ўзначалілі вайсковую інвазію у Ірак бяз поўнай згоды Рады Бясьпекі. Але дагэтуль Кофі Анан выказваў сваё крытычнае стаўленьне дыпляматычна.

Цяпер у інтэрвію для карпарацыі ВВС, Анан адкрыта заявіў, што ЗША парушылі Хартыю ААН, а значыць – і міжнародны закон, калі ўвялі свае войскі у Ірак. Кофі Анан патлумачыў:

(Анан: ) “Я адзначыў, што вайна супраць Іраку не спалучаецца з Хартыяй ААН. З нашага пункту гледжаньня, з пункту гледжаньня Хартыі гэта было супрацьзаконна”.

Паводле аналітыкаў, заўвага Анана ізноў пацьвярджае пачуцьці многіх краінаў, якія лічылі, што ЗША ня маюць права ўводзіць войскі ў Ірак. Асабліва моцная апазыцыя была з боку Нямеччыны й Францыі. Дачыненьні гэтых дзьвюх эўрапейскіх краінаў ізноў перажылі сур’ёзнае выпрабаваньне нядаўна, калі вырашалася роля НАТО ў Іраку і дачыненьні НАТО з кааліцыйнымі войскамі ў Іраку, якімі кіруе ЗША.

У ліпені альянс пагадзіўся на навучальную місію ў Іраку пасьля таго, як ЗША пагадзіліся з прапановай Францыі ня зьмешваць місію НАТО з кааліцыйнымі войскамі.

Цім Гардэн, экспэрт у пытаньнях палітыкі бясьпекі з Каралеўскага Інстытуту Міжнародных дачыненьняў у Лёндане, кажа, што Кофі Анан, магчыма, ня толькі хацеў праясьніць сваю пазыцыю адносна Іраку, але меў на ўвазе й магчымы будучы крызыс у справе ядзерных праграмаў Ірану. (ЗША абвінавачваюць Іран у патаемных распрацоўках ядзернай зброі, Іран цьвердзіць, што яго ядзерныя праграмы маюць мірныя мэты.)

ЗША і Вялікая Брытанія цьвердзяць, што яны фактычна маюць згоду ААН на вайсковыя дзеяньні супраць Іраку паводле Рэзалюцыі Рады Бясьпекі 1441, прынятай напрыканцы 2002 г. Гэтая й папярэдняя рэзалюцыя заклікалі Садама Хусэйна адмовіцца ад зброі масавага зьнішчэньня й папярэджвалі Ірак, што калі патрабаваньні ААН ня будуць выкананыя, Ірак будзе раззброены.

Паводле Кофі Анана, кааліцыйныя войскі, кіраваныя ЗША, самавольна падмянілі дзеяньні ААН, не прычакаўшы наступнай рэзалюцыі, якая б адмыслова дала права на прымусовае раззбраеньне Іраку ваеннымі мерамі. Вялікая Брытанія спрабавала дамагчыся такой рэзалюцыі летась, але ня здолела пераканаць Нямеччыну, Францыю, Расею і Кітай.

Рэакцыя на выказваньне Кофі Анана ў сьвеце была хуткай. Улады Аўстраліі і Брытаніі, якія падтрымалі ЗША ў Іраку, заявілі, што дзейнічалі цалкам законна. Лідэры апазыцыі ў абедзьвюх краінах заявілі, што словы Анана пацьвердзілі памылковасьць рашэньня даслаць свае войскі у Ірак.

ЗША пакуль не далучыліся да дэбатаў адносна апошняга выказваньня генэральнага сакратара ААН пра незаконнасьць вайны ў Іраку. Аднак, у перадвыбарчай кампаніі ЗША, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і яго супернік Джон Кэры часта спрачаюцца адносна палітыкі ў дачыненьні Іраку.
XS
SM
MD
LG