Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі гіт-парад скрадзеных аўтамабіляў вядуць нямецкія іншамаркі


Ігар Карней, Менск Паводле Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі, за суткі толькі ў адным Менску крадзецца ці ўганяецца ад пяці да дзесяці машынаў. І цікава, што на 90% – гэта нямецкія маркі: “Фольксваген”, “БМВ”, “Аўдзі”. Куды зьнікаюць скрадзеныя аўтамабілі і як выглядае своеасаблівы гіт-парад аўтакрадзяжоў?

Як цьвердзяць сябры-аўтааматары, пераважная большасьць скрадзеных аўтамабіляў завяршае свой шлях у падпольных майстэрнях. Гэта альбо закансьпіраваныя гаражы ў гаражных масівах, альбо на хуткую руку скляпаныя часовыя сховішчы. Адзін знаёмы, у якога ў Польшчы зьнік “Фольксваген Пасат” наўпрост ад гатэлю, расказваў: калі раніцай пачалі прачэсваць бліжэйшы лес, самі паліцэйскія былі ў стане шоку – паміж дрэвамі валялася з паўсотні кузаваў дашчэнту разабраных машынаў. Іншымі словамі, дэталі злодзеі выкарыстоўваюць, а ад небясьпечных зьнешніх частак проста пазбаўляюцца.

Кажуць, такія аўтамогілкі ёсьць і ў беларускіх лясах, але не ў такіх памерах: на тым жа аўтарынку ў менскім раёне “Малінаўка” збыць можна што заўгодна, таму вытворчасьць у злодзеяў практычна безадходная. Праўда, калі запытацца ў гандляроў – адкуль запчасткі? – рызыкуеш нарвацца альбо, мякка кажучы, на грубасьць, альбо на разгорнуты экскурс пра нетлумачальныя нюансы падобнага бізнэсу.

Што да мадэляў, якія ўсё ж рызыкуюць выклікаць непатрэбны інтарэс з боку ўгоншчыкаў, то супрацоўніца аналітычнай службы Рэспубліканскага ДАІ Ганна Галдыцкая канстатавала:

(Галдыцкая: ) “Увогуле, па рэспубліцы такі “гіт-парад” не падводзіцца. А што тычыцца сталіцы, то тут на першым месцы па ўгонах трымаецца “Фольксваген Пасат”, на другім месцы – “БМВ”, на трэцім – “Фольксваген Гольф”. Гэта тэндэнцыя апошняга часу”.

Тэндэнцыя, трэба адзначыць, трывала характэрная ўсе апошнія гады. Нават калі ўзгадаць гучныя ўгоны, якія сталі набыткам галоснасьці, то сытуацыя зьмяняецца нязначна: раз-пораз у сумны “гіт-парад” урываецца нямецкая “Аўдзі”, выціскаючы то “Пасат”, то “Гольф”. У свой час аўтамабілі “БМВ” з-пад вокнаў кватэры скралі ў вядомых беларускіх спартоўцаў – Ігара Жалязоўскага і гімнаста Віталя Шчэрбы. Дарэчы, калі іншамаркі яшчэ былі вялікай рэдкасьцю, у Шчэрбы ўгналі яшчэ і расейскую “дзевятку”.

Самы недарэчны прыклад крадзяжу чужога транспарту меў месца гады два таму ў Магілёве, калі п’яны студэнт магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту ўгнаў “БМВ” з эскорту сакратара Рады бясьпекі Расеі Ўладзімера Рушайлы. Праўда, далёка зьехаць не ўдалося, бо наўздагон была кінутая ўся магілёўская міліцыя.

Як кажуць прадстаўнікі страхавых кампаніяў, практычна ў кожным выпадку, калі машына так і ня знойдзеная, аўтаўладальнікі ня маюць ніякай матэрыяльнай кампэнсацыі. Дамовы заключаюцца на абавязковае аўтастрахаваньне грамадзянскай адказнасьці, а страхаваньне маёмасьці на выпадак так званага “форс-мажору” кіроўцамі ігнаруюцца. Адсюль і такога маштабу сямейныя трагедыі: калі на Захадзе кожны страхавы выпадак кампэнсуецца грашовымі выплатамі, то ў Беларусі, эканомячы на страхаваньні, рызыкуюць страціць усё адным махам.

Але чаму такім “попытам” у злодзеяў карыстаюцца менавіта нямецкія машыны? На гэта пытаньне ня могуць дакладна адказаць нават дасьведчаныя супрацоўнікі ДАІ. Бальшыня тлумачыць, што нямецкіх машынаў ў Беларусі было шмат ад пачатку – ад таго моманту, калі рухнула “жалезная заслона” і стары лом магутным патокам рушыў на Ўсход. Аўтааматары ў сілу звычкі мянялі старыя нямецкія аўтамабілі на больш новыя, але прапорцыі на карысьць “немцаў” захоўваліся заўсёды. Адпаведна, захавалася і пастаянная патрэба ў запасных частках. Дарэчы, у гэтым сэнсе яшчэ адна цікавая лічба ад рэспубліканскага ДАІ: з аднаго мільёну двухсот тысячаў зарэгістраваных у Беларусі легкавых іншамарак, блізу 800 тысячаў прыходзіцца на долю нямецкіх. І гэтая прапорцыя таксама шмат што тлумачыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG