Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як праходзіць рэгістрацыя прадстаўнікоў апазыцыі ў Магілёўскай вобласьці?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У Магілёўскай вобласьці ў большасьці выбарчых акругаў праходзілі паседжаньні камісіяў, на якіх прымаліся рашэньні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Як праходзіць рэгістрацыя прадстаўнікоў апазыцыі?

У Магілёўскай Цэнтральнай выбарчай акрузе не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Ўладзімер Шанцаў, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў вобласьці.

(Шанцаў: ) “Мне сказалі, што на маёй заяве са згодай балятавацца ў акрузе – усе дакумэнты ў парадку, а на заяве няма асабістага подпісу. Гэта нахабства, беспардоннае нахабства!”

Выбарчая камісія Крычаўскай акругі сёньня адмовіла ў рэгістрацыі вылучэнцам апазыцыйных партыяў – прадстаўніку БСДП “Народная грамада” Мікалаю Гердзію й сябру АГП Сяргею Няроўнаму. Паводле камісіі, у дэклярацыях абодвух патэнцыйных кандыдатаў выяўленыя недакладнасьці. Крычаўская выбарчая акруга цяпер – безальтэрнатыўная. Камэнтуе Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Я лічу, што мяне акруговая камісія зьняла з дыстанцыі беспадстаўна. На маю думку, акругкам ачысьціў дарогу кандыдату ад улады – чалавеку, якога ў Крычаве й акрузе ніхто ня ведае”.

Скардзіцца на дзеяньні выбарчай камісіі Бабруйскай Ленінскай акругі будзе вылучэнка АГП Ірына Качан. Паводле словаў кіраўніка яе ініцыятыўнай групы Рамана Анціпава, фармальнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі стала блытаніна з прапіскай.

(Анціпаў: ) “Я так мяркую, што ўлада баіцца нас. Бо ў нашых шэрагах сабраліся нармалёвыя, добрыя людзі, якія думаюць пра лёс нашай Беларусі, таму мы прадстаўляем рэальную пагрозу для ўлады”.

Паводле зьвестак арганізацыяў апазыцыйных партыяў, у Горацкай выбарчай акрузе зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Галакціёнава, прадстаўніка АГП. Вылучэнцам гэтай жа партыі Сяргею Стральцову ў Ленінскім раёне Магілёва і Анатолю Рубанаву ў Бабруйскім раёне адмовілі ў рэгістрацыі.

Пасьпяхова прайшлі гэты этап кампаніі некалькі незалежных кандыдатаў, якіх падтрымлівае дэмакратычная грамадзкасьць: Андрэй Юркоў у Горацкай акрузе і Алесь Чыгір у Бабруйскай сельскай. Гэта папярэднія зьвесткі, якія яшчэ будуць правярацца і дапаўняцца.
XS
SM
MD
LG