Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джым Дынглі: “Што датычыць беларускай мовы ў Беларусі, то ёсьць пачуцьцё штучнасьці”


Ганна Соусь, Менск Цяпер у Менску знаходзіцца вядомы ангельскі навуковец Джым Дынглі, які займаўся вывучэньнем гісторыі беларускай мовы. На просьбу Радыё Свабода спадар Дынглі выказаў свой пункт гледжаньня на моўную сытуацыю ў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Дынглі, на вашую думку, ці маюць рацыю арганізатары анімацыйнага фэстывалю ў Магілёве, сьцьвярджаючы, што мультфільмы на беларускай мове ня будуць мець камэрцыйнага посьпеху?”

(Дынглі: ) “Я маю зусім іншы падыход цяпер. Мы пакуль што мала можам рабіць для разьвіцьця беларускай мовы ў самой Беларусі. Трэба штурхнуць да актыўнасьці саміх беларусаў. Я не разумею – як, але я гатовы рабіць тое, што магу. Што датычыць увогуле беларускай мовы ў Беларусі, то ёсьць пачуцьцё штучнасьці. Усё гэта ненатуральна. Усё гэта музэіфікацыя. Я бачу, што шыльды ў Менску на беларускай мове. Скажам, на новым вакзале – “уваход да паяздоў”. Чаму не цягнік? У мэтро таксама. Але людзі не гавораць па-беларуску”.

(Карэспандэнтка: ) “З чым зьвязаная такая ваша цікавасьць да Беларусі?”

(Дынглі: ) “Гэта ўжо даўно ўзьнікла, калі я пазнаёміўся з айцом Аляксандрам Надсанам у Лёндане сорак гадоў таму. З тых часоў зацікаўленасьць Беларусьсю ўзрасла. Я амаль што прысьвяціў усё сваё навуковае жыцьцё вывучэньню гісторыі мовы Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Дынглі, пасьля рэфэрэндуму 1996 году вы даволі пэсымістычна выказаліся што да пэрспэктывы вывучэньня беларускай мовы для замежнікаў…”

(Дынглі: ) “Для каго менавіта? Я восем гадоў стаяў на чале Цэнтру выкладаньня моваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. І я прапанаваў курсы беларускай мовы. І за гэтыя пяць гадоў ніводнага вучня, ніводнага ахвотніка. Ангельшчына – вельмі асаблівая краіна. Мы цяпер тварам стаім да Амэрыкі – так што, я баюся, сьпіной да Эўропы”.

(Карэспандэнтка: ) “Што ў вашых плянах зьвязана зь Беларусьсю ў найбліжэйшы час?”

(Дынглі: ) “Першая праблема павінна быць – праблема ліцэю. Я хацеў бы нейкім чынам у нас у Лёндане праз ангельска-беларускае таварыства нешта зрабіць для яго. Ёсьць у Літве і Польшчы досыць вялікія беларускія меншасьці. Я думаю, што праз Эўразьвяз можна знайсьці грошы на выкладаньне мовы, на падтрымку любых праектаў для разьвіцьця карыстаньня беларускай мовай у гэтых краінах. Гэта нібыта пакідае Беларусь убаку, але трэба пачаць з рэальных рэчаў”.
XS
SM
MD
LG