Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi ў Віцебску: што ў Беларусі можа зьмяніцца да лепшага, калі краіну ўзначаліць не Лукашэнка, а іншы палітык?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Аляксандар Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў ягоных руках, сытуацыя ў краіне непазьбежна пагоршыцца. А як лічыце вы: што можа палепшаць, калі краіну ўзначаліць іншы палітык? На пытаньне тыдня адказваюць жыхары Віцебску.

(Спадар: ) “Калі зірнуць навокал, то можа падацца, што Беларусь квітнее – і вуліцы чыстыя, і ўвогуле ўсё файна. Але што датычыць свабоды слова, клімату даверу, якога ў нас увогуле няма, то, я думаю, які б палітык на месца Лукашэнкі ні прыйшоў, наконт гэтага будзе куды лепей!”

(Дзяўчына: ) “Пакуль цяжка сказаць, што зьменіцца да лепшага. Можа, зьменшацца падаткі, зьнешнія стасункі стануць лепшыя”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што нічога ня зьменіцца да лепшага. Яшчэ й горш стане!”

(Спадар: ) “Ня будзе такога адміністрацыйнага ціску. Цяпер людзі напалоханыя ўшчэнт. Паўсюль прэсінг: прадпрымальнікаў душаць падаткамі, на прадпрыемствах – кантрактнай сыстэмай. Хацелася б, каб было больш свабоды!”

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што да лепшага нічога ня зьменіцца. Бо Лукашэнка за два тэрміны свайго кіраваньня ўжо здабыў сабе грошай, колькі яму трэба, і цяпер будзе патроху адраджаць краіну. Вунь ужо паўсюль прыбіраюць, нешта будуюць… А новы чалавек – ён спачатку будзе клапаціцца пра сябе, і толькі потым ужо пра краіну”.

(Спадарыня: ) “Лукашэнка хаця б неяк, але ўсё ж “падняў” нашу краіну. Палепшыць можна хіба зьнешнія стасункі й гандаль зь іншымі краінамі, а ня толькі з Расеяй”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце, ці мае рацыю Лукашэнка, калі кажа, што пераход улады ў рукі іншага чалавека непазьбежна пагоршыць сытуацыю ў Беларусі?”

(Спадар: ) “Сучасны рост эканомікі на Беларусі зьвязаны выключна з файнай кан’юнктурай коштаў на нафту на міжнародным рынку, а ніяк ня з высілкамі нейкага аднаго чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “І як вы думаеце, можа ў Беларусі нешта зьмяніцца да лепшага, калі да ўлады прыйдзе іншы палітык?”

(Спадар: ) “Прынамсі, калі гэта будзе прыхільнік сапраўднай рынкавай эканомікі, Беларусь зможа пазьбегнуць глябальнага эканамічнага крызысу”.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што гэты Лукашэнка нам усім урэшце надакучыў. І было б выдатна, каб прыйшоў іншы чалавек. А што тады зьменіцца да лепшага? Настрой у людзей палепшыцца, я ўпэўненая!”
XS
SM
MD
LG