Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горадні завялі справу на аўтарку газэтнай публікацыі, якая, паводле пракуратуры, зьневажае гонар і годнасьць прэзыдэнта


Сяргей Астраўцоў, Горадня Алену Раўбецкую – галоўную рэдактарку газэты “Биржа Информации” – выклікалі ў Ленінскую раённую пракуратуру Горадні з нагоды публікацыі ў нумары за 9 верасьня, прысьвечанай абвешчанаму рэфэрэндуму. Супраць яе, як аўтаркі публікацыі, распачатая справа паводле часткі 10 артыкулу 172 Адміністрацыйнага кодэксу.

Паводле намесьніка пракурора Ленінскага раёну А.Абрамовіча, А.Раўбецкая парушыла патрабаваньні артыкулу 5 “Закону аб друку”, якім не дапускаецца выкарыстаньне сродкаў масавай інфармацыі для распаўсюду зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Выйшаўшы зь дзьвярэй пракуратуры на вуліцы Карбышава, Алена Раўбецкая сказала:

(Раўбецкая: ) “Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я нават не магла ўявіць, што гэта ёсьць абразай гонару і годнасьці. Гэта мая ацэнка якасьцяў прэзыдэнта не як прэзыдэнта, а як асобы ўвогуле”.

У справе, распачатай пракуратурай, фігуруе назва публікацыі пра абвешчаны рэфэрэндум – “Здрада імем народу”. Абразьлівай для прэзыдэнта пракуратура таксама лічыць наступную цытату: “Рэфэрэндум (а безь яго трэцяга тэрміну не атрымаць), абвешчаны спадаром прэзыдэнтам – гэта выклік грамадзтву. Трэба ня толькі ня мець сумленьня, але й валодаць “панскай” пагардай да плебсу, абсалютнай упэўненасьцю, што “плебс” нічога не разумее й не вырашае”.

Сёньня ж прынятая пастанова аб перадачы справы ў суд.
XS
SM
MD
LG