Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 верасьня 1937 году нарадзіўся знакаміты беларускі дужаньнік Аляксандар Мядзьведзь


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 16 верасьня

16 верасьня 1745 году зьявіўся на сьвет расейскі вайскаводзец Міхаіл Галянішчаў-Кутузаў. Як і многія іншыя выдатныя пэрсанажы расейскай мінуўшчыны, Кутузаў стаў папулярным героем анэкдотаў і жартаў. “Ну ты, Кутузаў” – папракаюць звычайна расейцы таго, хто нешта перамудрыў. Міхаіл Кутузаў найлепей запомніўся зь фільму “Вайна і сьвет” – аднавокі стары ўмудраўся прылегчы-задрамаць падчас вырашальных бітваў, якія пры гэтым выйграваў. Найбольшая з такіх бітваў – Барадзінская, калі сыйшліся арміі расейцаў і французаў. На тым полі засталіся сто тысяч палеглых. А вока сваё Кутузаў страціў у часе расейска-турэцкай вайны, калі быў кантужаны ў галаву. “Засьвяціўся” расейскі вайскаводзец і ў нашых краях. У канцы 18 стагодзьдзя ён быў засланы ў Вялікае Княства Літоўскае ствараць партызанскія атрады супраць законнае ўлады. Пасьля нейкі час Кутузаў быў вайсковым губэрнатарам літоўскім і віленскім на акупаваных расейскай імпэрыяй землях Княства.

Таксама 16 верасьня ў 1937 годзе нарадзіўся знакаміты беларускі дужаньнік Аляксандар Мядзьведзь. Мядзьведзь тройчы быў алімпійскім чэмпіёнам і сем разоў дамагаўся тытула чэмпіёна сьвету. Напэўна, мала хто ведае, што нарадзіўся Мядзьведзь не ў Беларусі, а ва Ўкраіне, у горадзе Белая Царква.

А яшчэ ў гэты дзень, 16 верасьня 1956 году прыйшоў на сьвет знакаміты фокусьнік-ілюзіяніст Дэвід Копэрфільд.

Некалькі знакамітых людзей, якія 16 верасьня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет:

У 1498 годзе ня стала Томаса Тарквэмады – першага вялікага інквізытара ў Гішпаніі. Пра інквізыцыю існуе даволі пашыранае папулярнае ўяўленьне як пра мастацтва катаваць. Вось жа цікава зразумець матывы, якія рухалі сярэднявечнымі адукаванымі катамі.

Манах-дамініканец Тарквэмада быў настаўнікам і духоўнікам каралевы Ізабэлы з самага ейнага дзяцінства. Яна і паставіла яго на чале гішпанскае інквізыцыі. Што ён рабіў? Ён арганізоўваў у гарадах трыбуналы, прыдумаў кодэкс і працэдуру інквізыцыйнага суда. Такі суд займаўся выпадкамі герасі й адступніцтва. Катаваньне было ўзаконенае як спосаб здабываць доказы злачынства, у масавую практыку было ўведзенае аўтадафэ ці прасьцей – спаленьне на вогнішчы. Паводле падлікаў гісторыкаў, усяго на вогнішчах гішпанскае інквізыцыі загінула каля 35 тысяч чалавек і яшчэ каля 300 тысяч былі асуджаныя. Сам жа Тарквэмада ўласнаручна спаліў ад дзьвюх да 10 тысячаў чалавек. Які-небудзь звычайны гішпанскі рамесьнік мог напіцца, або на рынку ўдарыцца аб воз й зусім несьвядома згадаць чорта – вось і сьпетая ягоная песенька.

Яшчэ ў гэты дзень, 16 верасьня 1736 году, памёр Габрыэль Даніэль Фарэнгейт, нямецкі фізык, імем якога ці не бальшыня сьвету вымярае сёньня тэмпэратуру. Праўда, гэта ня тычыцца нашых краёў, дзе вымяраюць у цэльсіях. У шкале Фарэнгейта лёд тае на ўзроўні 32 градусаў, а вада кіпіць пры 212 градусах.
XS
SM
MD
LG