Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне канкурэнтназдольнасьці беларускіх тавараў – прычына хвалі антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў


Юлія Шарова, Менск МЗС Беларусі распачало антыдэмпінгавае расьсьледваньне ў дачыненьні да імпарту ў краіну поліэфірных нітак. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, летась гэтай прадукцыі ў Беларусь завезьлі больш чым на 2 мільёны даляраў, і такая сытуацыя зусім не задавальняе айчынных вытворцаў – Сьветлагорскае й Магілёўскае “Хімвалакно”.

Наколькі вядома, гэта ўжо чацьвёртае антыдэмпінгавае расьсьледваньне, якое беларускае МЗС распачало за апошнія два месяцы. У поле зроку чыноўнікаў трапілі самыя розныя групы тавараў, імпарт якіх пачаў быццам бы шкодзіць эканамічным інтарэсам краіны. Што хаваецца за гэтым быццам бы добрым памкненьнем абараніць айчынных вытворцаў ад замежных канкурэнтаў?

У ліпені Міністэрства замежных справаў занялося расейскімі кандытарамі. Доля іхнай прадукцыі на беларускім рынку летась дасягнула амаль 30 адсоткаў, што й дало падставу хвалявацца за айчынных вытворцаў. Меней чым праз два тыдні МЗС абвясьціла пра новае расьсьледваньне – у дачыненьні імпарту холададэфармаваных труб, якія сюды завозяць украінцы й чыя доля на рынку ўжо склала 86,5%. 11 жніўня міністэрства пачало разьбірацца зь імпартам мяса птушкі – тут пад увагу трапілі вытворцы з краінаў Эўразьвязу. А ў верасьні распачалося расьсьледваньне ў дачыненьні да імпарту поліэфірных тэкстуяваных нітак.

Эканаміст Леанід Злотнікаў не выключае, што некаторыя імпартныя тавары сапраўды могуць прадавацца зь Беларусі па заніжаных коштах. Напрыклад з Украіны, дзе асаблівых умоваў для зьніжэньня вытворчых выдаткаў пакуль няма. Але ж тавары зь іншых краінаў сапраўды таньнеюць у параўнаньні зь беларускімі, і гэта заканамерны працэс, лічыць эканаміст.

(Злотнікаў: ) “Мы ведаем, што маральна беларуская прамысловасьць старыцца. Навокал ідзе абнаўленьне вытворчасьці, і шматлікія тавары робяцца таньнейшымі, чым у нас – асабліва з Паўднёва-Усходняй Азіі. Гэта агульна прызнана, нават у выступах прэзыдэнта, што канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў падае”.

Таму, на думку спадара Злотнікава, вельмі верагодна, што антыдэмпінгавыя разьбіральніцтвы якраз гэтым і выкліканыя. Дзяржава спрабуе абараніць айчынных вытворцаў, якія неканкурэнтназдольныя ўжо ані на ўнутраным рынку. Але нават калі паставіць перад замежнікамі штучныя заслоны, усё адно беларуская прадукцыя будзе паступова даражэць і губляць свае пазыцыі, бо прамысловасьць не выкарыстоўвае новыя тэхналёгіі зь нізкімі выдаткамі.

Наколькі магчымыя антыдэмпінгавыя санкцыі ў дачыненьні да расейскіх вытворцаў? Адназначнага адказу на гэтае пытаньне няма. Леанід Злотнікаў нагадвае пра тое, што ў нас з Расеяй няма мытнай мяжы, таму неяк рэгуляваць кошты на расейскія тавары – складана:

(Злотнікаў: ) “Сярод антыдэмпінгавых захадаў – падвышэньне імпартнага мыта, апроч іншага. Як можна падвысіць імпартнае мыта на тавары з Расеі, калі ў нас адзіная мытная прастора ды імпартнага мыта ў прынцыпе не існуе? Антыдэмпінгавыя захады супраць Расеі – гэта наагул невядома што”.

Зрэшты, калі чыноўнікам спатрэбіцца абмежаваць імпарт пэўных тавараў з Расеі, яны могуць выкарыстаць і “тэлефоннае права”.
XS
SM
MD
LG