Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 год таму зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі


Алег Грузьдзіловіч, Менск 16 верасьня жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета Зінаіда Ганчар плянуе правесьці акцыю напаміну пра лёс свайго мужа побач з пракуратурай Беларусі. Спаўняецца 5 год ад зьнікненьня Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Улады дагэтуль не расьсьледавалі гэтую справу, якую шмат хто ў Беларусі лічыць расправай з палітычнымі апанэнтамі Аляксандра Лукашэнкі.

Верагодным палітычным злачынствам лічыць выкраданьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага таксама Хрыстас Пургурыдэс, аўтар мэмарандуму Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы адносна справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. У гэтым мэмарандуме даецца рэкамэндацыя беларускім уладам расьсьледаваць магчымую датычнасьць да гэтых зьнікненьняў генэральнага пракурора Віктара Шэймана ды іншых беларускіх сілавікоў.

Сёньня ў першай палове дня Зінаіда Ганчар побач з пракуратурай будзе раздаваць яе наведвальнікам і супрацоўнікам тэкст гэтага дакумэнту. Зінаіда Ганчар лічыць, што справу яе мужа наўмысна замарудзілі, бо праўда пра зьнікненьні непатрэбная беларускім ўладам. У якім стане знаходзіцца зараз расьсьледаваньне? – пацікавіўся я ў Зінаіды Ганчар.

(Ганчар: ) “Яно проста пэрыядычна працягваецца, але нічым гэта не тлумачаць, толькі паведамляюць і ўсё”.

Зінаіда Ганчар сьцьвярджае, што ўжо больш за два гады ніякіх рэальных сьледчых дзеяньняў паводле справы не вядзецца, прынамсі ёй пра гэта невядома. Усе яе спробы высьветліць, як ідзе сьледзтва, былі марнымі. Чарговы сьледчы паводле справы, Сяргей Кухаронак зь менскай пракуратуры, нават адмаўляецца зь ёй сустракацца.

(Ганчар: ) “Да яго магчыма датэлефанавацца, але сустракацца ён не жадае”.

Мае ўчорашнія спробы высьветліць ў гарадской пракуратуры, як ідзе расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага, таксама аказаліся марнымі. Прэсавы сакратар пракуратуры Алег Агафонаў толькі запэўніў, што справа не закрытая, але ніякіх падрабязнасьцяў не паведаміў. Таксама ён адмовіўся злучыць мяне са сьледчым Сяргеям Кухаронкам.

Нагадаю, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі зьніклі позна ўвечары 16 верасьня 1999 года. Гэта адбылося побач з лазьняй на вуліцы Фабрычнай. На палітыка й бізнэсоўцу напалі невядомыя, калі тыя ад’яжджалі ад лазьні ў аўтамабілі Анатоля Красоўскага.

Адкуль вядомыя гэтыя падрабязнасьці? Праваабаронца Алег Волчак адным зь першых дасьледаваў месца здарэньня і нават зафіксаваў на відэакамэру рэчавыя доказы нападу.

(Волчак: ) “Асабіста я бачыў плямы крыві, фрагмэнты ліхтароў аўтамабіля і аскепкі шкла. Потым падчас сьледзтва экспэртыза высьветліла, што гэтыя фрагмэнты належалі аўтамабілю Анатоля Красоўскага”.

Паводле Алега Волчака, у праваахоўных органаў Беларусі было дастаткова магчымасьцяў, каб раскрыць гэтую справу, але дзеля гэтага не стае палітычнай волі вышэйшага кіраўніцтва краіны.

Калі маюць рацыю тыя, хто кажа пра палітычныя матывы выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, узьнікае пытаньне, чым гэтыя людзі былі небясьпечныя для ўлады? Апазыцыянэр Валер Шчукін, калега Віктара Ганчара ў Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня, вельмі высока адгукаецца пра ягоныя якасьці лідэра й арганізатара.

(Шчукін: ) “Чалавек, які мог сабраць каманду, мог знайсьці грошы. Ён меў уласную мужнасьць і таму меў рэальныя шанцы перамагчы”.

Таксама сёньня а 18 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе ланцуг неабыякавых людзей. Удзельнікі гэтай акцыі будуць трымаць партрэты зьніклых – Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадскага, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG