Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія бабулькі: рэакцыянэркі ці кансэрватаркі?


Сьвятлана Курс, Менск У ЗША прайшла І Міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная фэномэну бабуляў. Яе ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што пажылыя кабеты ёсьць недаацэненай крыніцай сілы і ўплыву ў эвалюцыйнай спадчыне чалавецтва. Бабуля – цалкам самастойная эвалюцыйная катэгорыя. Менавіта пажылая жанчына перадае закансэрваваны досьвед пакаленьняў. Пра беларускіх бабак як пра вельмі заўважную й аднародную групы – дасьледаваньне Сьвятланы Курс.

Пажылыя жанчыны вельмі буйная сацыяльная група ў Беларусі. Нават тых зь іх, хто ня мае ўнукаў, называюць бабулькамі або бабкамі. Іх немагчыма не заўважыць – усе яны апранаюцца быццам ва ўніформу і большую частку дня праводзяць па-за домам: прадаюць хатнюю дробязь са скрынак або сядзяць на лаўках, абмяркоўваючы жыцьцё суседзяў і знаёмых. Там я й знайшла 70-гадовую Валянціну Андрэеўну й Вольгу Мацьвееўну.

(Валянціна Андрэеўна: ) “Я нікуды не хаджу. Каля дома на лаўцы. Няма здароўя. Дзеці завязуць у вёску, дык і добра”.

Бабулі атрымоўваюць па 50 долараў пэнсіі, задаволеныя жыцьцём, хаця і ня лічаць яго добрым.

(Валянціна Андрэеўна: ) “Сьціпла жыць хапае. Сьціпла калі. Ты больш я інвалід, што мне там трэба”.

(Вольга Мацьвееўна: ) “А вось як купіш якія боты, то тут ужо… Да!”

(Валянціна Андрэеўна: ) “Або лекі. Я – інвалід другой групы па нагах. Калі малады, нічога не думаеш, якая старасьць будзе. Марыш, што ўсё будзе як у казцы, цудоўна. А яно наадварот”.

(Валянціна Андрэеўна: ) “Мы сваё адпрацавалі, нікому мы не патрэбныя”.

Сусьветная мэмуарная літаратура сьведчыць: у фармаваньні творчага патэнцыялу асобы вялізную ролю іграюць менавіта бабулі, а не дзядулі альбо вечна занятыя бацькі. Бабулі выконваюць функцыю “кансэрваваньня” сямейнай памяці і перадачы яе праз пакаленьне. Беларускія бабулі 20-21 стагодзьдзях перадалі дзецям ня толькі фальклёр і мову, але й міты ды стэрэатыпы, якія працавалі ў пару іхнай маладосьці.

Гэта пацьвярджае этнасоцыяпсыхоляг Павел Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Вельмі часта з гэтым сустракаюся, калі працую. Напрыклад: вялікія грошы нельга без крадзяжу або страшэннай, да крывавых мазалёў працы. Бабулькі цяперашнія па вялікаму рахунку ніколі не былі жанчынамі. Не ў полавай прыналежнасьці, а ў сваёй галаве. Асабліва вясковыя. Яны працавалі. Працавалі. Працавалі. Дзесьці пасьля першай Сусьветнай і далей яны працавалі і за мужчынаў. Ну, зь цягам часу, дзякуй Богу, гэта зьмянілася, але два пакаленьні жылі так”.

Распавядае Мікалай, 33-гадовы вадзіцель маршруткі Менск-Салігорск:

(Мікалай: ) “Навучыла мяне жыць, не баяцца ні працы, нічога. Сваё жыцьцё сама адпрацавала. Калыханкі былі розныя: і пра коцю на мяккіх лапах, і пра жаночыя здрады. Усё, што ведала, тое і пяяла. Была галасавітая баба наша. Я мала помню сваіх дзядоў. Бацькі на працы, у іх свае справы. Няма часу на дзяцей. Выхоўваюць іх бабулькі. Бабуля падымала гаспадарку адна, на руках немаўля. Дзед, не скончыўшы вайну ў 1945 г., пайшоў да 1948 г. у Японію, адтуль ішоў пехам дадому. І так усё жыцьцё. Ёй цяпер 87 год, а яна яшчэ шаволіцца”.

52% цяперашніх бабуляў маюць няпоўную сярэднюю адукацыю, вышэйшую – 6%. Затое яны маюць досьвед голаду і цяжкай працы, якая не аплачвалася ні тады, ні цяпер.

(Мікалай: ) “Я лічу, што яны заслужылі лепшага за тое, што яны тут зрабілі. Вось толькі што я сядзеў у машыне, да мяне падышла бабулька, кажа: “Сын, дай мне хоць колькі. Бо рыюся на сьметніках”.

Гаротны досьвед цягавітасьці, звышцярплівасьці і славутыя прынцыпы “абы не было вайны” ды “а можа, так і трэба” беларусам прывівалі збольшага бабулі. Для бабуляў было характэрна раіць хлопчыкам за любы кошт “выбіцца ў людзі”, “стаць афіцэрам або інжынэрам”, для дзяўчынкі – добра выйсьці замуж або “вывучыцца на чыстую работу”. Мужчыны не зрабілі такога ўнёску ў выхаваньне: збольшага не дажывалі да ўзросту дзядоў. Да таго ж, часьцяком, заміж няньчыць унукаў, дзяды заводзяць новыя сем’і. (Вольга Андрэеўна й Валяньціна Андрэеўна, хорам:) – У нас асабістае жыцьцё не склалася. Ня верым мы ў гэту любоў. Ніхто мне ня трэба! І мне ніхто ня трэба!

Навуку жыць і любіць па індывідуальным пляне, а не дзеля лепшага выжываньня, беларусы спасьцігаюць цяпер самавукам. Ня ўсе бабулі здолелі перадаць нашчадкам і рэлігійныя пачуцьці.

(Вольга Андрэеўна й Валяньціна Андрэеўна, хорам:) – Што ёсьць нейкая сіла – верым! Але проста 70 год адвучвалі ад гэтага, так што нас ужо цяпер… Ну верыш Богу, паважаеш Яго. Сіла нейкая ёсьць, канечне.

“Бабкамі” робяцца колішнія “дзевушкі”, якія потым памажнелі і сталі “цёткамі”. Да іх ніколі ніхто не зьвяртаўся “спадарыня”, “панна” або “мадам”.

(Вольга Мацьвееўна: ) “Бывае, зьвяртаюцца “бабушка” або “жэншчына”. Як пападзе”.

Псыхоляг і палітык Надзея Цыркун лічыць, што традыцыя зьвяртацца да людзей не паводле сацыяльнай, а паводле біялягічнай прыналежнасьці прыйшла з традыцый прыгону за расейскай імпэрыяй.

(Цыркун: ) “Калі гэта былі прыгонныя, то былі “мужык”, “дзеўка” й “баба”. Былі “господа” і “людзі”.

Цяпер жанчыну да 40 называюць дзевушка, ад 40 да 60 – жэншчына, а пасьля 60 – бабка.

Частка грамадзтва недалюблівае бабак за іхную актыўнасьць і кансэрватызм падчас выбараў. Бабкі – а іх амаль пятая частка грамадзтва – ахвотна галасуюць за кансэрвацыю існоўнага ладу – абы горай не было.

Палітык з БНФ Аляксей Янукевіч не зусім згодны зь мітам пра бабак-рэакцынэрак.

(Янукевіч: ) “На самой справе ім важна, каб ты сапраўды іх паважаў. Важна, што ты іх слухаеш ня зь ветлівасьці, а сапраўды хочаш пачуць, што яны табе гавораць. Вельмі часта гэтыя людзі сапраўды разумеюць, што адбываецца. Нельга ні ў якім разе ставіцца да іх паблажліва”.

Беларускія бабкі апранаюцца аднолькава – у стылі “бывай, маладосьць”. Сышлі ў нябыт хіба буркі, плюшаўкі ды хусткі-шаліноўкі. Але панчохі гармонікам, грабянцы за 30 капеек і сітцавыя сукенкі нідзе не падзеліся. Вось чым тлумачыць “касьцюм бабкі” сп. Урбановіч.

(Урбановіч: ) “Наяўнасьцю вобразу бабкі. Гэта такі архетып. Таму дзіўна пабачыць бабулю ў шортах, нават нагавіцах, або з мабілкаю. Проста мы не прызвычаіліся, што стары чалавек можа быць сучасным, жывым. Актуальным”.

Ці непазьбежна для беларускі стацца бабкаю? Ёсьць прыклады іншага лёсу, напрыклад, Зінаіда Бандарэнка, шляхетная спадарыня ў залатым веку, якая спадзяецца, што дзевушкі–цёткі–бабкі некалі ператворацца ў спадарычнаў і спадарынь. Пытаньне застаецца – спадарынямі ці бабкамі стануць сучасныя маладыя беларускі?
XS
SM
MD
LG