Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 верасьня — перадапошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Згодна з Выбарчым кодэксам, не пазьней за 16 верасьня акруговыя камісіі мусяць альбо зацьвердзіць прэтэндэнтаў у статусе кандыдатаў у дэпутаты, альбо адмовіць ім у рэгістрацыі. У большасьці са 110 акругаў рэгістраваць кандыдатаў зьбіраюцца ў самы апошні дзень.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Ясенінскай-Менскай выбарчай акрузе Яўген Лабановіч зьвязвае адтэрміноўку рэгістрацыі на 16 верасьня з абвешчаным рэфэрэндумам.

(Лабановіч: ) “Рыхтуецца масавая, татальная нерэгістрацыя ўсіх апазыцыйных кандыдатаў, каб не даваць ім эфіру перад рэфэрэндумам. Бо, паводле Выбарчага кодэксу, дэпутатам мусяць даць эфір”.

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Старавіленскай-Менскай акрузе Ўладзімер Колас зьвяртае ўвагу на тое, што абскардзіць адмову акруговай камісіі можна толькі на працягу трох дзён:

(Колас: ) “Калі ў чацьвер увечары табе паведамляюць, што ты не зарэгістраваны з той ці іншай прычыны, то фактычна застаецца толькі пятніца, а гэтага часу можа не хапіць”.

Паводле Цэнтарвыбаркаму, адной з асноўных прычынаў замаруджваньня працэсу рэгістрацыі стаў вялікі аб’ём дакумэнтаў, якія неабходна праверыць акруговым камісіям. Аднак высьвятляецца, што ўлады правяраюць далёка ня ўсіх кандыдатаў. Адзін са знаёмых юрыстаў перадаў мне ксэракопіі лістоў, што даслалі абласныя ўпраўленьні юстыцыі на адрас дзяржаўных і прыватных натарыюсаў. У гэтых лістах са спасылкай на распараджэньне Міністэрства юстыцыі Беларусі патрабуецца тэрмінова даць зьвесткі, якія бы пацьвердзілі дамовы аб прыватызацыі жылых памяшканьняў, апэрацыі з прыватызацыйнымі чэкамі “Жыльлё” ды іншыя падобныя зьвесткі, што тычацца групы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Праверка ахоплівае апэрацыі “ад імя і на імя асобаў, згодна з прыкладзеным сьпісам”. У сьпісе каля 150 прозьвішчаў, у той час, калі, згодна са зьвесткамі Цэнтарвыбаркаму, дакумэнты на рэгістрацыю падалі амаль 700 асобаў. Правяраюць чамусьці дэмакратычных кандыдатаў: у сьпісе прозьвішчы Станіслава Багданкевіча, Аляксандра Бухвостава, Уладзімера Ганчарыка, Людмілы Гразновай ды іншых. Гаворыць спадарыня Гразнова:

(Гразнова: ) “Мы знаходзімся пад люпай уладаў, і нас так шчыльна правяраюць, бо ўлады не зацікаўленыя ў абраньні дэмакратычнага парлямэнту. Канечне, закон ёсьць закон, але няхай бы яго ўжывалі да ўсіх прэтэндэнтаў, усіх ставілі пад гэтую люпу”.

Я спрабаваў даведацца ў Міністэрстве юстыцыі, чаму праверка робіцца выбарачна. Прэсавая сакратарка міністэрства Тацяна Бондар прапанавала мне зрабіць пісьмовы запыт:

(Бондар: ) “Пажадана, канечне, каб вы зьвярнуліся да нас у пісьмовым выглядзе”.

На гэты момант адказу зь Міністэрства юстыцыі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG