Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста АГП Уладзімера Мамоньку, які балятуецца ў Слуцкай выбарчай акрузе №89, спрабуюць абвінаваціць у хаваньні даходаў


Альгерд Невяроўскі, Менск На гэтай падставе яму можа быць адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Спадар Мамонька перакананы, што гэтая акцыя ёсьць правакацыяй уладаў.

15 верасьня адбылося паседжаньне Слуцкай акруговай выбарчай камісіі №89, якая разглядала справу Ўладзімера Мамонькі. Сябры камісіі дэманстравалі даведку з падатковай інспэкцыі Кастрычніцкага раёну Менску, паводле якой Уладзімер Мамонька ў сакавіку 2003 году атрымаў даход на 200 тысяч рублёў большы, чым задэкляраваў выбарчай камісіі. Але для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты інспэкцыя выдала спадару Мамоньку даведку, у якой напісана, што ён выплаціў усе падаткі за мінулы год.

Уладзімер Мамонька гаворыць, што гэтая інфармацыя не была для яго нечаканай. 14 верасьня яму патэлефанаваў чалавек, які назваў сябе супрацоўнікам Рады бясьпекі й паведаміў, што ёсьць загад з прэзыдэнцкай адміністрацыі не рэгістраваць яго і яшчэ 5 чалавек кандыдатамі. Прычынай адмовы ў рэгістрацыі ананім назваў нібыта незадэкляраваныя 200 тысяч рублёў. Уладзімер Мамонька так тлумачыць дзеяньні ўладаў:

(Мамонька: ) “Улады выдатна ведаюць, якім чынам Мамонька будзе размаўляць зь людзьмі. Па другое, яны, магчыма, не выключаюць магчымасьці, што за мяне прагаласуюць”.

Канчатковае рашэньне ў гэтай справе выбарчая камісія прыме 16 верасьня. У кандыдаты Ўладзімера Мамоньку вылучыў зьезд АГП, а таксама 1260 жыхароў Слуцку, якія паставілі за яго свае подпісы.
XS
SM
MD
LG