Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты чатырох актывістаў БНФ


Валер Каліноўскі, Менск У перадвыбарчым штабе Партыі БНФ паведамілі, што пакуль фактаў адмовы ў рэгістрацыі іх кандыдатам няма. На сёньня зарэгістраваныя чатыры вылучэнцы гэтай партыі. Аднак большасьць кандыдатураў будуць разглядацца ў апошні дзень рэгістрацыі.

Большасьць акруговых камісіяў адклалі рэгістрацыю на чацьвер. Сёньня ж адбылося некалькі паседжаньняў камісіяў у рэгіёнах. У штаб-кватэры БНФ зазначылі, што з сарака іх вылучэнцаў у сераду былі зарэгістраваны чацьвёра: Рыгор Кастусёў у Шклове, Андрэй Сухаверхі ў Лунінцы, Сяргей Бахун у Драгічыне і Юрась Зянковіч у Менскім раёне, які зьяўляецца дэпутатам райсавету.

Спадар Зянковіч сёньня сам прысутнічаў на паседжаньні акруговай камісіі, у яго склалася ў цэлым добрае ўражаньне, калі не лічыць, што адзін зь сяброў камісіі спрабаваў перавысіць свае паўнамоцтвы і пераканаць яго адразу зьняць сваю кандыдатуру. Тым ня менш, Юрася Зянковіча камісія зарэгістравала адзінагалосна. Галоўным канкурэнтам спадара Зянковіча будзе ўладальнік кампаніі “Дарыда” — дзейны дэпутат Уладзімер Дзялендзік, які таксама быў сёньня зарэгістраваны.

Юрась Зянковіч мае намер падчас агітацыі за сябе даводзіць выбаршчыкам няслушнасьць прапанаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму:

(Зянковіч: ) “Мая кампанія будзе прысьвечаная рэфэрэндуму. Хаця бы з тае прычыны, што мой асноўны канкурэнт зьяўляецца як бы галоўным агітатарам на тэрыторыі Менскага раёну за прапановы Аляксандра Лукашэнкі. Натуральна, што гэта будзе мною актыўна скарыстана, я буду выбаршчыкаў агітаваць супраць”.

***

Сёньня зарэгістраваныя яшчэ некалькі кандыдатаў ад іншых партыяў: Юры Грынявіцкі з БСДП “Народная грамада” – па Бабруйскай-Ленінскай акрузе, Аляксандр Булаўкін з Аб’яднанай грамадзянскай партыі – па Шклоўскай акрузе. Акрамя таго ў выбарчым штабе Партыі камуністаў Беларускай паведамілі, што пакуль зарэгістраваны толькі адзін іх кандыдат – Якаў Качалоўскі ў Берасьцейскім раёне. З вылучэнцаў БСДГ зарэгістраваны Леанід Гаравы ў Гарадоцка-Шумілінскай акрузе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG