Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi у Горадні: "Што палепшае, калі замест Лукашэнкі будзе іншы прэзыдэнт?"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Аляксандар Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў яго руках, сытуацыя пагоршыцца. А што можа зьмяніцца да лепшага, калі краіну ўзначаліць іншы палітык? На пытаньні нашага карэспандэнта адказвалі гарадзенцы на пешаходнай вуліцы Савецкай.

(Малады спадар: ) “Калі іншы чалавек будзе? Будзе лепш. Не такое прыгняценьне народу будзе, як з боку Лукашэнкі. Правы чалавека парушаныя ў вельмі вялікай ступені”.

(Ягоны прыяцель: ) “Зь ім будзе яшчэ горш, калі ён застанецца”.

(Маладзён: ) “Можа, штосьці і зьменіцца, але каб ён заставаўся — непажадана. Я гэтага не хачу”.

(Спадарыня: ) “Беларусі патрэбна моцная асоба. Нашых людзей трэба трымаць усё ж такі ў кулак. (Сьмяецца.) Калі будзе не Лукашэнка, а іншы, але будзе моцная асоба, калі парадак у краіне навядзе, то мне, уласна, бяз розьніцы”.

(Сталы спадар: ) “Ніяк горш ня будзе. Таму што калі ўжо былы старшыня калгасу здолеў кіраваць краінай, то я думаю — ёсьць у нас вартыя людзі, якія могуць ня горш кіраваць. А тое, што цяпер ніхто не дапускаецца да палітыкі, апроч адной асобы, дык гэта іншае пытаньне”.

(Спадар: ) “Наконт новага палітыка я ня ведаю, таму што ня ведаю, хто будзе. Але асабіста я лічу, што два тэрміны — гэтага досыць”.

(Ягоны прыяцель: ) “Я скажу, што ня бачу альтэрнатывы пакуль, хаця і цяперашні прэзыдэнт мне не падабаецца. А ўвогуле тэрмінаў можа быць колькі заўгодна, калі гэта нармальны палітык”.

(Спадар: ) “Калі новы палітык зьявіцца, калі ён будзе пераканаўчы, і людзі ў яго павераць, то, я думаю, будзе ўсё як належыць. Павінна быць некалькі кандыдатаў, прадстаўнікоў розных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, тады людзі маюць магчымасьць выбіраць, каб не было гульні ў адзін кош”.

(Сталы спадар: ) “Я лічу, што сама пастаноўка пытаньня аб трэцім тэрміне — гэта непачцівая рэч. І што нібыта будзе горш — я так ня думаю. Таму што лічу, што ўсё добрае, што ёсьць у Беларусі на сёньняшні дзень — заслуга самога народу. Я катэгарычна адмоўна стаўлюся ўвогуле да рэфэрэндуму і жаданьня пэўнага чалавека працягнуць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Увогуле зьмяняць канстытуцыю пад аднаго чалавека гэта кепска”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG