Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах судзяць вылучэнцаў у парлямэнт ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі


Казімер Яноўскі, Калінкавічы За дзень да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў Калінкавічах судзілі прэтэндэнтку на дэпутацкі мандат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людмілу Краснасельскую. Суд праходзіў разам зь лекарам хуткай мэдычнай дапамогі.

Людмілу Краснасельскую ў Калінкавіцкі раённы суд выклікалі мясцовыя падаткоўцы. Учора начальнік аддзелу падаткаабкладаньня фізычных асобаў Сяргей Крыцкі склаў адміністрацыйны пратакол: нібыта спадарыня Краснасельская займалася ў 2003 годзе прадпрымальніцкай дзейнасьцю без рэгістрацыі й атрымала даход 214 тысяч рублёў.

Падставай паслужылі невядома як здабытыя сьвежыя заявы супрацоўнікаў раённага Дому культуры наконт таго, што летась Людміла Краснасельская прывозіла ім з Польшчы каўбасу, сасіскі ды іншы харч. У судзе спадарыня Краснасельская напісала заяву з просьбай перанесьці разгляд адміністрацыйнай справе, каб мець магчымасьць наняць свайго адваката. Аднак судзьдзя Людміла Севасьцьянава не пагадзілася.

Спадарыні Краснасельскай зрабілася вельмі кепска. У суд выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. Разгляд адміністрацыйнай справы працягваўся разам зь лекарам. Распавядае Людміла Краснасельская:

(Краснасельская: ) “Яны выклікалі хуткую мэдычную дапамогу. У мяне быў высокі ціск, гіпэртанічны крыз, тахікардыя сэрца. Мне зрабілі ўколы. Нават у такім стане мне не дазволілі пакінуць залю суду. Тут знаходзілася і лекарка. Судзьдзя Севасьцьянава пыталася ў лекаркі, ці не памру я, пакуль буду ў судзе”.

Судзьдзя аштрафавала беспрацоўную Людмілу Краснасельскую больш як на 600 тысяч рублёў. Гэта важкая падстава для акруговай камісіі, каб не рэгістраваць заўтра Людмілу Краснасельскую кандыдатам у дэпутаты парлямэнту.

Дарэчы, у Калінкавіцкай выбарчай акрузе №43 хоча абрацца дэпутатам у парлямэнт і намесьніца старшыні Гомельскага аблвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Раіса Ціханская.
XS
SM
MD
LG