Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вызначылі 125 месцаў, дзе можна весьці перадвыбарчую і перадрэфэрэндумную агітацыю


Юры Сьвірко, Менск Апублікаванае рашэньне Менскага гарвыканкаму, у якім зацьверджаны пералік месцаў для грамадзка-масавых мерапрыемстваў у справе перадвыбарчай агітацыі за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Галоўны ідэоляг Менску заявіў, што ў гэтых жа месцах можна агітаваць за й супраць рэфэрэндуму.

У сераду гарадзкая газэта “Минский курьер” надрукавала сьпіс месцаў, дзе дазваляецца агітацыя за кандыдатаў у парлямэнт. Збольшага гэта пляцоўкі перад буйнымі крамамі ды рынкамі на ўскрайках сталіцы. Са 125 вызначаных месцаў менш за дзясятак можна аднесьці да цэнтру Менску — гэта, напрыклад, плошча перад палацам Чыгуначнікаў на вуліцы Чкалава, скрыжаваньне Першамайскай і Захарава, пляцоўкі перад крамамі “Міні-Эўропа” на Раманаўскай слабадзе й “Юбілейны” на Заслаўскай.

Ці можна на ўсіх 125 пляцоўках агітаваць таксама ў зьвязку з рэфэрэндумам? — спытаўся я ў кіраўніка ўправы ідэалягічнай працы Менскага гарвыканкаму Аляксандра Пухава.

(Пухаў: ) “Паводле часткі 9 артыкулу 45 Выбарчага кодэксу падчас правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў і гэтак далей мясцовыя органы выдзяляюць месцы, таму там можна і для рэфэрэндуму, і за выбары — і за, і супраць”.

Спадар Пухаў ня змог адказаць, ці будзе цяпер забароненая агітацыя за рэфэрэндум у месцах, якія ня трапілі ў пералік. Хаця ў рашэньні гарвыканкаму прадугледжаныя захады дзеля прадухіленьня перадвыбарчай агітацыі ды “разьмяшчэньня агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для іх месцах”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG