Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр: “Жаданьне назіраць за выбарамі ёсьць, аднак цяпер для гэтага патрэбны дазвол беларускага кіраўніцтва”


Ул. інф. Так у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода сказала дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр. Паводле яе, дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі, у часе якой абмяркоўваліся такія пытаньні як рэфэрэндум і дэмакратызм выбарчай кампаніі, была галоўным пунктам пленарнага паседжаньня Эўрапарлямэнту ў Страсбуры. Галасаваньне па адмысловай рэзалюцыі адбудзецца заўтра.

(Шродтэр: ) “Сапраўды, беларускае пытаньне было галоўным на пленуме альбо вышэйшым сходзе Эўрапарлямэнту. Дыскусія адбылася адразу пасьля абмеркаваньня заявы Эўракамісіі па Беларусі. Намі ўжо падрыхтаваная адмысловая рэзалюцыя, якая будзе прынятая заўтра. Што да дыскусіі, то яе галоўныя пункты наступныя: Лукашэнка, вырашыўшы правесьці рэфэрэндум у той жа дзень, што і парлямэнцкія выбары, чарговы раз канцэнтруе ўвагу грамадзкасьці на ўласнай пэрсоне і такім чынам імкнецца зьнізіць значэньне выбараў, зрабіць шанцы на дэмакратычныя перамены блізкімі да нуля. Другі момант: недэмакратычнасьць выбарчай кампаніі, якая цяпер вядзецца ў Беларусі. Забараняюцца партыі, абмяжоўваюцца правы прэсы; для апанэнтаў рэжыму, якія хочуць узяць удзел у выбарах, ствараюцца самыя розныя перашкоды. І трэці момант: па-ранейшаму няма ніякіх зрухаў у справе зьніклых палітыкаў”.

(Карэспандэнтка: ) “На думку эўрапейскіх парлямэнтароў, сытуацыя можа быць нармалізаваная? Якім бы чынам вы і вашы калегі маглі паспрыяць пазытыўнаму разьвіцьцю дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам?”

(Шродтэр: ) “Мы бы хацелі паспрыяць разьвіцьцю дачыненьняў. Аднак пры той сытуацыі, якая існуе, гэта немагчыма. Як было паведамлена Эўракамісіяй, няма сэнсу ўкладваць у Беларусь нейкія сродкі, бо яны абкладаюцца Лукашэнкавай адміністрацыяй такімі вялікімі падаткамі, што гэта проста незвычайна для нас. Мы працуем з падатковымі грашыма нашых грамадзянаў, і нам будзе ім вельмі цяжка растлумачыць дадатковае падаткаабкладаньне з боку афіцыйнага Менску. Калі Лукашэнка будзе далей ісьці ў гэтым кірунку, краіну можа чакаць татальная ізаляцыя. Усё гэта вельмі сумна. У часе дыскусіі пра гэта гаварылі таксама і прадстаўнікі новых краінаў-сябраў Эўразьвязу — Польшчы, краінаў Балтыі. Дачыненьні зь Беларусьсю замарожваюцца, і іх цяпер проста немагчыма неяк нармалізаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Паводле вашых словаў, Беларусь застанецца ў ізаляцыі, калі яна не выкарыстае выбараў для дэмакратычных пераменаў. Звычайна вы прыяжджалі на парлямэнцкія выбары ў Беларусь у якасьці назіральніцы… Што гэтым разам?”

(Шродтэр: ) “Асабіста ў мяне і ў маіх калегаў жаданьне назіраць за выбарамі вялікае. Аднак мы мусім быць запрошанымі, мы мусім атрымаць візы, нам мусяць забясьпечыць неабходныя ўмовы для назіраньня за выбарамі. Аднак на гэты конт пакуль няма нікай пазыцыі з боку беларускага кіраўніцтва. Дагэтуль усё існавала наступным чынам: нацыянальны парлямэнт зьвяртаўся да нас, паведамляў, што жадае бачыць у нашай асобе назіральнікаў, якія маглі бы адсочваць дэмакратызм і празрыстасьць выбараў. Цяпер запрашэньні паступаюць ад каманды Лукашэнкі. У выніку запрошаная АБСЭ, а не Рада Эўропы ці Эўрапейскі парлямэнт”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG