Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка паляцеў у Астану на новым “Боінгу”. Якім паветраным транспартам карыстаюцца кіраўнікі іншых краінаў?


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка накіраваўся на саміт кіраўнікоў СНД у Астану на новым авіяляйнэры “Боінг”, адмыслова пабудаваным для яго ў амэрыканскім Сыэтле. Замова прэзыдэнцкай адміністрацыі каштавала беларускаму бюджэту прыкладна 100 мільёнаў даляраў. Пакуль гэта самы дарагі, у параўнаньні з суседнімі зь Беларусьсю краінамі, прэзыдэнцкі самалёт. Якімі паветранымі суднамі карыстаюцца кіраўнікі іншых краінаў?

Прадстаўнікі “Белавія” пацьвярджаюць, што Аляксандар Лукашэнка упершыню выпрабаваў новы “Боінг”, але пры гэтым не хаваюць свайго раздражненьня пытаньнем:

(Прадстаўнік “Белавія”: ) “А вам якая розьніца? Адляцеў ён, усё нармалёва, і сеў ужо даўно…”

Колішні кіраўнік Беларусі, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч перакананы, што прадстаўнічы самалёт у цяперашніх умовах беларускаму кіраўніцтву не патрэбны. А пра час, калі сам кіраваў краінай, згадвае так:

(Шушкевіч: ) “Калі трэба было, выкарыстоўвалі Як-40, якім распараджаўся Савет Міністраў, ці пэрсанальны вагон. Гэта, дарэчы, самая вялікая была раскоша — паехаць такім чынам у Маскву, Полацак ці Віцебск, бо там можна было правесьці нараду. На месцы часам не было такіх умоваў”.

У кіраўніцтва карпарацыі “Боінг” кажуць, што адным з найбольш салідных кліентаў у былым СССР ёсьць Туркмэністан.

Толькі цягам апошніх гадоў адміністрацыя Туркмэнбашы замовіла ў Сыэтле “Боінг-717” коштам 35 мільёнаў даляраў, “Боінг-757” за 80 мільёнаў даляраў і “Боінг-767” за 100 мільёнаў. Праз год прэзыдэнт Ніязаў атрымае чарговы “Боінг” эксклюзіўнай мадэлі “767-300”, які будзе каштаваць 130 мільёнаў даляраў. “Стары”, набыты ў сярэдзіне 1990-х, Туркмэнбашы абяцае пераабсталяваць пад пасажырскія перавозкі.

Што да суседніх зь Беларусьсю дзяржаваў, то толькі адзін кіраўнік лятае на айчынным авіяляйнэры. Пасьля прыходу да ўлады ў Расеі Ўладзімера Пуціна ягоная адміністрацыя замовіла на Варонескім самалётабудаўнічым заводзе адмысловы Іл-96-300, які сам Пуцін ахрысьціў “паветраным пунктам кіраваньня дзяржавай”. Як цьвердзяць расейскія СМІ, кошт пуцінскага набытка — 60 мільёнаў даляраў. Дарэчы, сьледам за Пуціным аналягічную замову расейскім самалётабудаўнікам зрабіў кубінскі лідэр Фідэль Кастра. Кошт кантракту — каля 80 мільёнаў даляраў.

Шмат гадоў карыстаецца расейскім Ту-154 прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі. Пра пляны абнаўленьня прэзыдэнцкага авіяпарку ў амбасадзе Польшчы ў Менску ня ведаюць.

А вось прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма пасьля пагрозы аварыі шасі падчас візыту ў Бразылію з ранейшага прэзыдэнцкага самалёту Ту-134А сёлета перасеў на эўрапейскі аэробус A319-133X выпуску 2000 году.

У балтыйскіх краінах такога паняцьця як “прэзыдэнцкія авіяпаркі” не існуе ўвогуле. Усе самалёты на час афіцыйных візытаў бяруцца ў арэнду. Вось што распавяла супрацоўніца прэсавай службы прэзыдэнта Латвіі Айва Разэнбэрга:

(Разэнбэрга: ) “Калі плянуецца дзяржаўны візыт і сапраўды патрэбны вялікі самалёт, заўсёды глядзяць, якая дэлегацыя. Залежна ад таго, як шмат людзей з прэзыдэнтам едзе, выбіраецца і самалёт. У нас ёсьць кампаніі “VIP-avia” і “Lat-Charter”. Там самалёты ня толькі для арэнды; яны выкарыстоўваюцца і на рэгулярных рэйсах. Але няма такога, каб у структуры прэзыдэнцкай адміністрацыі быў адзін альбо некалькі самалётаў”.

Яшчэ адзін кіраўнік, які лягічна карыстаецца самалётам айчыннай вытворчасьці — гэта прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. “Боінг 747-200” ягоная адміністрацыя называе “паветраным Авальным кабінэтам”. Паводле ўсіх характарыстык, гэта сапраўдны паветраны штаб. А вось прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр вымушаны пазычаць гэткі ж “Боінг-747” у каралевы, паколькі будаўніцтва асобнага самалёта будзе каштаваць дзяржаўнай скарбонцы 100 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. А гэта нават у Англіі прызнана нямэтазгодным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG