Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нацыяналка” перабіраецца зь “ленінкі”


Галіна Жарко, Менск Сёньня – прафэсійнае сьвята супрацоўнікаў бібліятэк. 15 верасьня 1922 году была заснаваная Нацянальная бібліятэка Беларусі, якая першапачаткова назвалася Беларуская дзяржаўная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка. У гонар 10-гадовага юбілею бібліятэка атрымала імя Леніна й новы будынак, узьведзены па праекту архітэктара Лаўрова. Гэта быў адзін з першых у СССР адмысловых будынкаў для бібліятэкі. Зараз на ўскраіне Менску будуецца “храм у алмазе” – гэтак, па задуме архітэктараў, павінны выглядаць новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Дарэчы, у “Нацыянальную” бібліятэка перайменаваная ўжо 12 гадоў таму, але шмат хто працягвае хадзіць менавіта ў “ленінку”, дзе ўжо пачалі пакавацца ў сувязі з хуткім пераездам.

(Карэспандэнтка: ) “Ці памятаюць людзі, што гэтая бібліятэка некалі звалася “ленінка”?”

(Спадарыня: ) “Калі мае сябры тэлефануюць на мабільнік, я адказваю: я – у “ленінцы”. І мой кіраўнік навуковы таксама кажа: вось гэтую літаратуру ты можаш знайсьці ў “ленінцы”.

(Спадар: ) “Кажуць так: Нацыянальная бібліятэка... а дзе гэта? Былая “ленінка”.

(Спадарыня: ) “Толькі нацыянальная бібліятэка. Прынамсі для мяне. Я тое пакаленьне, якое “ленінку” не застала”.

(Спадарыня: ) “Цяпер кажуць: схадзіце ў “нацыяналку”, а не ў “ленінку”.

(Спадар: ) “Нармальныя людзі называюць нацыянальная, а саўковыя “ленінка”. Але “ленінка” на падсьвядомым роўні яшчэ існуе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці жыве тут “дух бібліятэкі”?”

(Спадарыня: ) “Цяжка перадаць словамі, але тут ня тыя адчуваньні, чым у іншых бібліятэках. Можа быць, з-за будынку...”

(Спадарыня: ) “Мне зусім ня хочацца, каб пераехалі ў іншы будынак, нават калі гэта новы”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі бібліятэка пераедзе, нейкая аўра страціцца?”

(Спадар: ) “Я думаю, што страціцца. Будынак стары, цёпленькі “канструктывізм”. Я ведаю старыя бібліятэкі ў Варшаве і новую, якая прасторная, свабодная, але ўнівэрсытэцкая старэнькая – цяплейшая. Мне будзе шкада”.

(Спадар: ) “Мне даводзілася бываць у многіх бібліятэках. Многія маюць свой твар. Яна таксама мае свой твар. Хатняя такая. Спакойна тут працуецца. У Маскве бібліятэка занадта вялікая. Сьцены не галоўнае, але тое, што будуюць на тым канцы, мяне насьцярожвае”.

(Спадарыня: ) “Ня хочацца новай, не ўспрымаецца”.

(Спадарыня: ) “Тут ёсьць свая атмасфэра”.

(Спадарыня: ) “Навуковы настрой у залях”.

(Спадар: ) “Наша скарбонка, храм, сьвятыня... І чытачы пастаянныя, знаёмыя, даўнія. Мог бы згадаць Мікалая Ермаловіча, які доўгі час працаваў тут у беларускай залі. І шмат іншых дасьледчыкаў. Вельмі сымпатычныя супрацоўніцы бібліятэкі”.
XS
SM
MD
LG