Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 15 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 15 верасьня

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Біскуп, які кіруе рэлігійным жыцьцём каталікоў Эскімосаў, прыслаў папе ў падарунак катэхізмоўку і малітаўнік, надрукаваны паэскімоску, за якія папа радасна дзякаваў таму біскупу і паслаў багаславенства. Каб у таго біскупа ды навучыліся каталіцкай навукі нашы тутэйшыя біскупы, дык напэўна беларусаў каталіцкай веры вучылі-б пабеларуску”.

“Чырвоная змена”, 1954 год:

“Новагрудскі раён – радзіма вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Тут паэт правёў свае дзіцячыя і школьныя гады. Сям’я Міцкевічаў каля 15 год жыла ў Новагрудку ў аднапавярховым доме на цяперашняй вуліцы Свердлова. Да Вялікай Айчыннай вайны тут быў дом-музей Адама Міцкевіча. У час акупацыі гітлераўскія захопнікі дашчэнту разбурылі дом-музей, знішчылі шматлікія экспанаты, зялёныя насаджэнні вакол будынка. Некалькі год назад было прынята рашэнне аб будаўніцтве на месцы ранейшага новага дома. Зараз ён узведзен… З дапамогай насельніцтва работнікі музея сабралі каля 100 кніг, мэблю, фатаграфіі і іншыя рэчы, звязаныя з жыццём Адама Міцкевіча… Дом-музей Адама Міцкевіча адкрыецца да 100-годдзя з дня смерці вялікага паэта”.

“ЛіМ”, 1964 год:

“Далёка за межамі Беларусі славіцца старэйшы на Бабруйшчыне народны хор даярак калгаса імя Пушкіна. Ён удзельнічаў ва ўсіх рэспубліканскіх аглядах і дэкадах самадзейнасці, якія праводзіліся за апошнія 25 гадоў. У гэтыя дні даяркі збіраюцца на рэпетыцыі рэгулярна тры разы на тыдзень. Яны актыўна рыхтуюцца да рэспубліканскай Дэкады мастацкай самадзейнасці. У рэпертуары спявачак беларускія народныя песні — “Вішня”, “Стаіць вярба”, “Пасеялі агурочкі”, “Ой, ляцелі гусі з броду”, сучасныя песні “Край мой родны”, “Бывайце здаровы” і іншыя. Даяркі склалі жартоўныя частушкі на мясцовыя тэмы”.
XS
SM
MD
LG