Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна яшчэ не зарэгістраваныя кандыдаты ад улады ўжо фактычна распачалі перадвыбарчую агітацыю


Казімір Яноўскі, Гомель Як толькі былі абвешчаны выбары ў Палату прадстаўнікоў, з падачы ўладаў дзяржаўныя мэдыі распачалі ў Гомельскай вобласьці сапраўдную агітацыю за афіцыйных вылучэнцаў у парлямэнт. Не дачакаліся нават рэгістрацыі.

У абласной, гарадзкіх газэтах, на тэлебачаньні сталі адно за другім зьяўляцца інтэрвію зь цяперашнімі дэпутатамі парлямэнту – тымі, што прэтэндуюць на абраньне другі і трэці раз. Да прыкладу, “Гомельская праўда” зьмясьціла інтэрвію зь дзейнымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Юрыем Астапчанкам, Анатолем Салаўёвым, Леанідам Глухоўскім, Сяргеем Касьцянам, Міхаілам Паплаўскім, Мікалаем Куцко ды іншымі. Варыянты гэтых інтэрвію друкаваліся ў гарадзкіх ды раённых газэтах – Гомелі, Хойніках, Рэчыцы, Рагачове й г.д.

Сваім меркаваньнем пра інфармацыйную падтрымку кандыдатаў ад улады выказвае Натальля, маладая выбарніца з абласнога цэнтру:

(Натальля: ) “Уражаньне такое, нібы ў кожнага ў акрузе – зямны рай наступіў, і няма ў людзей больш ніякіх клопатаў, акрамя як галасаваць за старых дэпутатаў нанова. Калі б друкаваліся, паказваліся гэтыя хвалебныя публікацыі ды сюжэты да абвяшчэньня выбараў, то яшчэ неяк можна было б мірыцца. А так – бессаромная агітацыя без пары, бяз часу”.

Канешне, дэпутаты маюць права распавядаць пра свае справы ў сваёй акрузе. Але, як заўважылі многія гараджане, пасьля абвяшчэньня новых выбараў і замоваў цяперашніх дэпутатаў удзельнічаць у іх, усё гэта выглядае ўжо сапраўднай агітацыяй.

Прэтэндэнты ў парлямэнт ад улады, што ня маюць дэпутацкіх мандатаў, таксама даволі часта сталі фігураваць у газэтах. Напрыклад, газэта гарвыканкама й гарсавету “Гомельскія ведамасьці” стала захвальваць начальніцу гарадзкога аддзелу адукацыі Ларысу Кузьняцову, якая вылучылася кандыдатам у дэпутаты ў акрузе №36. І гэта ў той час, калі ў горадзе па сутнасьці не засталося школаў з навучаньнем на роднай мове.

У Калінкавічах уладныя структуры з дапамогаю афіцыйнай мясцовай газэты настойліва рухаюць у дэпутаты намесьніцу старшыні аблвыканкаму Раісу Ціханскую. Вось што распавядае жыхарка Калінкавічаў, вылучэнка ў кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Краснасельская:

(Краснасельская: ) “ Улады ўжо даўно распачалі агітацыю за сваіх кандыдатаў. Карыстаюцца адміністрацыйным рэсурсам. Ужо пасьля абвяшчэньня выбараў у газэце “Калінкавіцкія навіны” на першых старонках з розных прычынаў пачалі зьяўляцца фатаграфіі намесьніцы старшыні аблвыканкаму у пытаньнях ідэалёгіі Раісы Ціханскай. Раней яе ў раёне не было чуваць. Цяпер, да таго ж, для Ціханскай арганізавалі прыём грамадзянаў у Бабровічах, сустрэчу зь мясцовымі кіраўнікамі. А ўсё таму, што Ціханская балятуецца на выбарах у Калінкавіцкай акрузе. Навошта ўжо гэтыя выбары, рэферэндум? Няхай бы прызначылі гэту Палату прадстаўнікоў, працягнулі на пажыцьцёва прэзыдэнцкія паўнамоцтвы аднаго чалавека – і ня трацілі б грошы, а лепей па 50 мінімальных заробкаў аддалі людзям па пэнсію, на заробак, на што-небудзь”.

Падобных прапановаў мне давялося чуць за апошнія дні нямала. У іх, мне падаецца – сапраўднае стаўленьне беларускіх грамадзянаў да выбараў і рэфэрэндуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG