Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 верасьня 1068 году ў Кіеве адбылося паўстаньне, якое вызваліла з астрогу Ўсяслава Чарадзея


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 верасьня

15 верасьня 53 году нарадзіўся рымскі імпэратар Траян. Ён пачынаў сваю кар’еру зусім сьціпла – быў простым легіянэрам. Праўда, меў Траян незвычайную сілу і быў надта трывушчы. Любіў у гушчарах паляваць дзікіх зьвяроў, а таксама заплываць у мора ў часе шторму. Нават стаўшы імпэратарам, ён паводзіў сябе як салдат і ў паходах заўсёды шырокім крокам ішоў наперадзе войска. У адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, якія ляжалі на насілках, бо, паводле словаў Плінія, “баючыся роўнасьці зь іншымі, страчвалі здольнасьць хадзіць уласнымі нагамі”.

15 верасьня ў 1068 годзе ў Кіеве незадаволеныя палітыкай Ізяслава гараджане падымаюць паўстаньне, вызваляюць зь вязьніцы папулярнага ў народзе Ўсяслава і садзяць яго на кіеўскі пасад. Усяслаў – адзін з галоўных пэрсанажаў беларускай гісторыі, полацкі князь, празваны Чарадзеем за тое, што нібыта мог абарочвацца ваўком. А падставай таму – ягоны глыбокі патрыятызм. Нават будучы кіеўскім князем, ён нібыта абарочваўся ваўком і ўцякаў у Полацак. Усяслаў увесь час імкнуўся пашырыць абшары крывіцкіх земляў, нападаў на Пскоў, захопліваў Ноўгарад. Падчас бітвы на Нямізе пацярпеў паразу ад Яраславічаў – тады яго й захапілі ў палон і пасадзілі ў кіеўскую турму. Пра тое, што было далей, вы ўжо ведаеце. Зрэшты, доўга на кіеўскім пасадзе Ўсяслаў не затрымаўся – вярнуўся ў Полацак і працягваў свае захопніцкія войны, зноў на Ноўгарад ішоў, захопліваў Смаленск... І ў гісторыі застаўся вельмі сьветлым станоўчым пэрсанажам – рашучым, разумным і энэргічным – сапраўдным Чарадзеем.

15 верасьня 1890 году нарадзілася Агата Крысьці. Да гэтай ангельскай пісьменьніцы так прычапіўся вобраз бабулькі, якая піша дэтэктывы, што ўяўляецца, быццам і нарадзілася яна бабулькай. А напэўна была ж тая Крысьці і дзяўчынай, і займалася ня толькі літаратурай. У 1914 годзе яна выйшла замуж, а ў часе першай сусьветнай вайны служыла мэдсястрою. Першы раман, у якім ужо зьявіўся яе ўлюбёны герой Эркюль Пуаро, Крысьці напісала ў 30 гадоў. А ўсяго яна выдала больш за 70 раманаў.

15 верасьня 1941 году прыйшоў на сьвет Герман Гермашэўскі – першы паляк у космасе.

15 верасьня ў 1971 годзе 12 канадцаў з Ванкувэра ствараюць экалягічную арганізацыю Грынпіс. Яны кіруюцца на выспу Амчытка на Алясцы, каб там пратэставаць супраць амэрыканскіх ядзерных выпрабаваньняў. Пазьней Грынпіс стане сусьветным рухам і будзе мець свае суполкі ў шмат якіх краінах сьвету.
XS
SM
MD
LG