Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі друк: Пуцін рухаецца да цэнтралізацыі ўлады


Тацяна Поклад, Прага Сёньняшні амэрыканскі друк разглядае прапановы прэзыдэнта Расеі радыкальна зьмяніць палітычную сыстэму – відавочна, што зьмены ўзмоцняць уладу Пуціна, аднак незразумела, якім чынам гэта будзе спрыяць барацьбе з тэрарызмам.

У артыкуле “Пуцін прапаноўвае плян “сьціснутага кулака”, прыкрываючыся тэрарызмам” на старонках сёньняшняй “New York Times” Стывэн Лі Майерс аналізуе прапановы “ашаламляльных зьменаў расейскай палітычнай сыстэмы”, якія прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін тлумачыць неабходнасьцю яднаньня краіны ў змаганьні супраць тэрарызму.

Прапановы Пуціна азначаюць поўную перабудову палітычнай сыстэмы Расеі й вялізарны крок да цэнтралізацыі ўлады. У Расеі адразу загаварылі пра парушэньне Канстытуцыі й зьнішчэньне рэшты апазыцыі ў Расеі. Пуцін настойвае, што яго прапановы патрабуюць толькі юрыдычнага пацьверджаньня, але не закранаюць Канстытуцыю – і гэта такія прапановы, як адмова ад наўпроставых выбараў кіраўнікоў 89 расейскіх рэгіёнаў, і тое, што ў ніжнюю палату фэдэральнага парлямэнту, Думу, галасаваньне будзе адбывацца не за канкрэтных дэпутатаў, а за партыі.

Пасьля тэрарыстычных нападаў, асабліва пасьля Бэслану, Пуцін акцэнтаваў, што Расея была не гатовая абараніць сябе, бо няма кансалідацыі. Цяпер зразумела, што Пуцін меў на увазе кансалідацыю ўлады ў сваіх руках. Варта прыгадаць, як нязвыкла выказваўся Пуцін у часе захопу школы у Бэслане – прызнаваў недахопы працы ўраду й яго слабасьць у змаганьні з тэрарызмам. Да пачатку гэтага тыдня Пуцін, аднак, ня выказваўся канкрэтна.

Пуцін ад самага пачатку свайго прэзыдэнцтва рухаўся ў накірунку ўмацаваньня сваёй улады. Апрача іншага, ён стварыў адмысловую структуру сямі фэдэральных рэгіёнаў, кіраўнікоў якіх прызначыў сам. Ён таксама выкарыстоўвае вялізарную уладу Крамля над тэлевізіяй і ўрадавымі рэсурсамі, каб заахвочваць і караць службоўцаў паводле сваёй патрэбы.

Аднак цяперашнія прапановы Пуціна ідуць значна далей, чым любыя ягоныя ранейшыя крокі па ўмацаваньні сваёй улады. Паводле канстытуцыі 1993 году, усе расейскія рэгіёны ад Чукоткі да Калінінграду самі абіралі сваіх губэрнатараў ці прэзыдэнтаў, а таксама дасылалі сваіх рэгіянальных дэпутатаў у Маскву. Пуцін адбірае ў іх гэтае права.

Пітэр Бэйкэр у артыкуле “Пуцін рухаецца да цэнтралізацыі ўлады” на старонках сёньняшняй “Washington Post” піша, што цяперашнія крокі Пуціна пераносяць вобраз “кіраванай дэмакратыі” ў Расеі – як вызначае гэта Пуцін – на новы ўзровень. Пры гэтым у сваіх публічных выступах Пуцін так і не патлумачыў, як прапанаваныя ім зьмены дапамогуць у барацьбе з тэрарызмам такога кшталту, як захоп школы ў Бэслане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG