Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебскім мэдычным унівэрсытэце студэнтам даводзяць, як трэба “правільна” галасаваць


Браніслава Станкевіч, Віцебск Студэнты іншых навучальных установаў кажуць, што асноўная хваля перадвыбарчай агітацыі распачнецца тады, калі скончыцца папярэдняя дзяржаўная кампанія – “бітва за ўраджай”.

У вышэйшых навучальных установах Віцебску агітацыйная кампанія ўжо пачалася. Прынамсі, тыя, хто вучыцца ў тутэйшым мэдычным унівэрсытэце, ужо заўважылі ейны пачатак.

(Хлопец: ) “У нашым мэдычным унівэрсытэце дэканы факультэтаў ужо зьбіраюць студэнтаў, пераважна старастаў груп, і кажуць: вы, маўляў, мусіце памятаць, што вучыцеся ў дзяржаўнай установе. А таму абавязаныя падтрымліваць дзяржаўную палітыку, адпаведна прагаласаваць на выбарах ды рэфэрэндуме”.

Студэнты-мэдыкі тлумачаць заўчасную агітацыйную актыўнасьць кіраўніцтва сваёй ВНУ тым, што рэктар унівэрсытэту, Аляксандар Касінец, у часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў быў даверанай асобай Лукашэнкі й дагэтуль ёсьць актыўным прыхільнікам ягонае палітыкі.

У іншых віцебскіх ВНУ – да прыкладу, у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце – пра выбары ды рэфэрэндум нагадвае хіба наглядная агітацыя. А прадстаўнікі адміністрацыі пакуль што рыхтуюць студэнтаў да ўдзелу ня ў выбарчай, а ва ўборачнай кампаніі.

(Дзяўчына: ) “Вісяць толькі нейкія ўлёткі пра тое, што, маўляў, 17 кастрычніка прыходзьце галасаваць. Якіх-небудзь агітацыйных размоваў пакуль няма. Зрэшты, студэнты й самі ведаюць, што ў нас 17 кастрычніка і выбары, і рэфэрэндум. Але галоўная нашая сёньняшняя задача, кажуць, у тым, каб ехаць убіраць лён. Са сваімі харчамі, і грошай нам не заплацяць. Дэкан прыйшоў, абвясьціў пра гэта і хутчэй зьбег!”

Студэнты мяркуюць, што найбольш маштабная агітацыйная кампанія пачнецца якраз пасьля “Дажынак”. Тады ж на дапамогу кіраўніцтву прыйдуць і выхавальнікі інтэрнатаў, і актывісты БРСМ. Першы сакратар гарадзкой арганізацыі Аляксандар Мамаеў ужо цяпер гаворыць пра тое, што ягоны актыў рыхтуецца да адмысловых гутарак са студэнтамі наконт удзелу ў выбарах ды рэфэрэндуме.

(Мамаеў: ) “Першачарговая задача – гэта зносіны ў студэнцкіх аўдыторыях. Канечне, кожны чалавек мае права ня браць удзел у галасаваньні. Але нам трэба прыходзіць да людзей, размаўляць зь імі ды тлумачыць, што ігнараваць гэты працэс недапушчальна!”
XS
SM
MD
LG