Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ Пэтэр Шыдэр: “Недэмакратычная палітыка беларускіх уладаў паглыбляе ізаляцыю краіны”


Вольга Караткевіч, Прага Сёньня прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Пэтэр Шыдэр заявіў, што “беларускі рэфэрэндум павінен быць праведзены ў адпаведнасьці са стандартамі Рады Эўропы”. На паседжаньні ў Страсбуры Шыдэр выказаў занепакоенасьць у зьвязку з рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі правесьці 17 кастрычніка, адначасова з выбарамі ў парлямэнт, рэфэрэндум, які б зьняў абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Сваю занепакоенасьць прэзыдэнт ПАРЭ патлумачыў фактамі недэмакратычных умоваў правядзеньня рэфэрэндуму ў 1996 годзе і маніпуляцыямі ў часе папярэдніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку ў 1997 годзе быў прыпынены статус адмыслова запрошанага для беларускага парлямэнту ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

У заяве прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Пэтэра Шыдэра адзначаецца ўзмацненьне дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, перасьлед апазыцыі й рэпрэсіі супраць незалежных мэдыяў. Шыдэр адзначае факт таго, што ўлады адмовіліся расьсьледаваць сур’ёзныя сьведчаньні пра тое, што вышэйшыя прадстаўнікі ўлады далучаныя да зьнікненьня вядомых людзей.

“Недэмакратычная палітыка беларускіх уладаў паглыбляе ізаляцыю краіны. Рада Эўропы гатовая назіраць за справядлівасьцю выбараў у складзе міжнароднай назіральнай місіі. Калі ж рэфэрэндум будзе праходзіць у несвабодных і несправядлівых умовах, Рада Эўропы зробіць адпаведныя высновы”.

З падобнай заявай адносна беларускага рэфэрэндуму выступіла і віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага камісара, якая адказвае за дачыненьні з Эўрапарлямэнтам – Ана Лаёла дэ Паласіё:

“Няспынныя намаганьні Эўрапейскага Зьвязу і ўсе нашыя перамовы пакуль што не прывялі ні да якіх пазытыўных вынікаў. Нягледзячы на гэта, Эўразьвяз па-ранейшаму гатовы ісьці наперад – як толькі з боку беларускіх уладаў будуць нейкія зрухі. Я б хацела падкрэсьліць, што Эўразьвяз выказвае моцную заклапочанасьць апошнімі тэндэнцыямі ў Беларусі. Усё сьведчыць пра тое, што ўмовы ў сфэры законнасьці, дэмакратыі й правоў чалавека пагаршаюцца.

Я павінна зазначыць, што мы вельмі занепакоеныя рэфэрэндумам для зьмены канстытуцыі і працягу тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Калі ня будзе зьменаў у сытуацыі, то нам давядзецца яшчэ раз разгледзяць пытаньне аб наступствах для нашых дачыненьняў”.

Учора прэсавая сакратарка прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі Хаўера Саляны сказала, што калі б рэфэрэндум у Беларусі быў цалкам свабодным і справядлівым, дык тыя зьмены, якія прапаноўвае Аляксандар Лукашэнка, не прайшлі б. Паводле Крыстыны Галяк, у свабодным працэсе цяжка было б пагадзіцца адкрыта на чарговы тэрмін прэзыдэнта.

Нагадаю, што ўчора Эўразьвяз выказаў сур’ёзныя сумненьні, што рэфэрэндум у Беларусі пройдзе ў адпаведнасьці зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі. Гэта было адзначана на паседжаньні рады міністраў Эўразьвязу, якія прадстаўляюць 25 краінаў. Рада Эўразьвязу падкрэсьліла, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца.

Камэнтуючы ўчорашнюю заяву міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр заявіла: “Беларусь застанецца ў ізаляцыі, калі не выкарыстае выбары для дэмакратычных пераменаў”. Спадарыня Шродтэр лічыць, што Лукашэнку ня варта выкарыстоўваць выбары ў Палату прадстаўнікоў для таго, каб сумясьціць іх з рэфэрэндумам для працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Плянуецца, што 15-га верасьня Эўрапарлямэнт разгледзіць і прыме сваю рэзалюцыю што да сытуацыі ў Беларусі.

На мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША таксама выказаў сумнеў, што заплянаваны рэфэрэндум можа прайсьці ў дэмакратычных умовах, і заклікаў беларускія ўлады забясьпечыць роўныя магчымасьці на выбарах для ўсіх кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG