Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародная лёгкаатлетычная фэдэрацыя расьсьледуе, ці мела Юлія Несьцярэнка права стартаваць у Атэнах


Ул. інф. Як піша нямецкая газэта “Handelsblatt”, у лёгкай атлетыцы, праўдападобна, насьпявае чарговы міжнародны скандал. Гэтым разам ён зьвязаны зь імем беларускай алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несьцярэнкі. Міжнародная лёгкаатлетычная федэрацыя (ІААF) прыняла рашэньне расьсьледаваць выпадак, які здарыўся зь беларускай спартоўкай два гады таму ў Польшчы. Менавіта тады, у часе спаборніцтваў у Бяла-Падлясцы, у допінг-тэсьце Несьцярэнкі знайшлі анабалічны стэроід кленбутэрол – прэпарат, які ў свой час паклаў канец кар’еры ўсясьветна вядомай чэмпіёнкі Катрын Крабэ зь Нямеччыны.

Паводле алімпійскай хартыі, ужываньне допінгу і ўдзел у міжнародных спаборніцтвах несумяшчальныя. Любы пазытыўны тэст на допінг-кантроль прыводзіць спартоўца ды дыскваліфікацыі на некалькі год. Нямецкае выданьне прыводзіць прыклад амэрыканца Джэрома Янга, допінг-проба якога ў 1999 годзе была пазытыўнай. Аднак гэты выпадак ня быў шырока афішаваны, а нацыянальны алімпійскі камітэт ЗША проста праігнараваў яго... У 2000 годзе спартовец незаконна ўзяў удзел у алімпійскіх гульнях у Аўстраліі і атрымаў перамогу. Праз пяць год, калі гісторыя стала вядомай, Міжнародны Алімпійскі камітэт разглядае пытаньне адносна ануляваньня алімпійскай ўзнагароды Янга.

У выпадку зь Юліяй Несьцярэнкай Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі праігнаравала паведамленьне зь Бяла-Падляскі. На той час палякі праінфармавалі пра допінг-тэст толькі беларускі бок і не далі справе розгаласу.

Пазьней беларускі бок заявіў, што ён не прыняў да ўвагі аналіз польскай лябараторыі, паколькі тая не зьяўляецца афіцыйна акрэдытаванай пры Алімпійскім камітэце. Тым часам Несьцярэнка ўзяла ўдзел ў чэмпіянаце Эўропы ў Мюнхене ў 2002 годзе, а затым у шэрагу іншых міжнародных спаборніцтвах, уключна з Алімпійскімі гульнямі ў Афінах.

Выпадак зь Несьцярэнкай палякі агучылі гэтымі днямі ў Бэрліне, дзе праходзяць прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы – фінал Залатой лігі ISTAF. З сытуацыяй азнаёмленае кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.

Як піша “Handelsblatt”, гісторыя з допінг-тэстам Юліі Несьцярэнкі будзе ўсебакова расьсьледаваная.
XS
SM
MD
LG