Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі салігорскага пікету атрымалі па 20 базавых велічыняў штрафу


Міхал Стэльмак, Менск 14 верасьня Салігорскі суд аштрафаваў удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі Яўгена Валадзько, Сяргея Ададурава і Вячаслава Сінгарава. Дзень таму ля будынку гарвыканкаму яны правялі пікет супраць рэфэрэндуму пра падаўжэньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

14 верасьня ўдзельнікаў пратэсту выклікалі ў гарадзкі аддзел міліцыі. Распавядае сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яўген Валадзько:

(Валадзько: ) “Аб 11-й гадзіне мы прыйшлі ў міліцыю, у нас у міліцыю былі позвы, але выйшлі міліцыянты й сказалі, што разам пойдзем у суд. Нас завялі ў суд. Мы хадайнічалі аб тым, каб у судзе быў наш прадстаўнік – старшыня Салігорскай філіі БХК Мархотка. Але судзьдзя гэта адхіліла. Яна выклікала нас паасобку і выпісала штраф”.

Судзьдзя Салігорскага гарадзкога суду Тацяна Лапанік, якая разглядала справу, паведаміла мне, што ўчорашняя акцыя на цэнтральнай плошчы гораду была прызнаная незаконнай, і таму яе ўдзельнікі аштрафаваныя:

(Лапанік: ) “Несанкцыянаванае пікетаваньне. Штраф 20 базавых”.

(Карэспандэнт: ) “Кожнаму ўдзельніку?”

(Лапанік: ) “Так”.

Паводле Сяргея Ададурава, удзельнікі акцыі не шкадуюць пра свой учынак:

(Ададураў: ) “Вядома, сядзець і казаць, што Лукашэнка кепскі, дык гэта ўсе могуць”.

Кіраўнік Салігорскай філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Леанід Мархотка лічыць, што судовыя рашэньні нельга лічыць справядлівымі:

(Мархотка: ) “Гэта парушэньне правоў чалавека, Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу. Яна была абавязаная судовае паседжаньне перанесьці на другі дзень, каб людзі выкарысталі сваё права мець свайго абаронцу”.
XS
SM
MD
LG