Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што зьменіцца да лепшага, калі краіну ўзначаліць новы палітык?” Апытаньне магілёўцаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Аляксандар Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў ягоных руках, сытуацыя пагоршыцца. А як мяркуюць людзі: што можа зьмяніцца да лепшага, калі краіну ўзначаліць іншы палітык? Сёньня на гэтае пытаньне адказваюць жыхары горада Магілёва.

(Спадар: ) “Найперш, гэта стаўленьне Захаду. Бо да нашай краіны цяпер стаўленьне ня дужа добрае. Таму я мяркую – як мінімум палепшыцца стаўленьне заходніх краінаў, а гэта пропуск у вышэйшы сьвет”.

(Спадарыня: ) “Можа быць, эканамічнае становішча, таму што я лічу, што эканамічнае становішча нашай краіны зараз далёка не на самым лепшым узроўні”.

(Спадар: ) “Адзінае, што моладзі будзе лягчэй. Таму што пэнсіянэрам ён дапамагае. І пэнсія, і ільготы. А маладым людзям увогуле й зарабіць няма дзе, і ўладкавацца на працу немагчыма”.

(Спадарыня: ) “Я ня думаю, што нешта зьменіцца да лепшага. Я лічу, што Лукашэнка цалкам прыймальны”.

(Спадарыня: ) “Я так ня думаю. Таму што ў нас нічога ня робіцца для народу. Колькі жыву, мне ўжо 50 гадоў, але ніколі нічога ў нас не зрабілі для людзей”.

(Спадарыня: ) “Няхай застаецца Лукашэнка. Ён праводзіць правільную лінію, і нам у Беларусі жывецца вельмі добра”.

(Спадарыня: ) “Калі іншы палітык так ірвецца да ўлады, то няхай дапамагае Лукашэнку. Дык яны ўсе супраць! Я – за Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Усё ж такі ён чалавек ня вельмі дружалюбны ў дачыненьні да бліжэйшых прэзыдэнтаў. Таму, магчыма, эканоміка наша і палепшыцца”.

(Спадар: ) “Новы палітык, можа, што-небудзь па-новаму зробіць, але, мне падаецца, што новага ня будзе. Будзе стары”.

(Спадар: ) “Як паказвае гісторыя, вельмі зрэдку да ўлады прыходзіць чалавек лепшы, на жаль. Таму надзеі народа на то, што да ўлады прыйдзе чалавек нашмат лепшы, не апраўданыя”.

(Спадар: ) “Гэтага ніхто не ведае. Прагноз – гэта містыфікацыя. Грамадзтва жыве сваім жыцьцём, ад асобаў не залежыць.Можа быць лепей, а можа быць горш”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, ці палепшыцца. Ну хаця б было спакойна, хаця б так, як мы цяпер жывём”.

(Спадарыня: ) “Нават што датычыцца дэмакратычных свабодаў, якія поўнасьцю проста пінаюцца ў нашай дзяржаве й выконваюцца дрэнна, то, калі хто-небудзь іншы прыйдзе да ўлады, у гэтым пляне стане неяк лягчэй жыць”.
XS
SM
MD
LG