Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнты ЭГУ мусяць браць акадэмічныя адпачынкі


Ігар Карней, Менск Для бальшыні студэнтаў зьліквідаванага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту навучальны год так і не пачаўся. У некаторых ВНУ, куды чыноўнікі Міністэрства адукацыі раілі пераводзіцца студэнтам, не аказалася адпаведных дысцыплінаў; іншых ўладкоўваюць з умовай дадатковага году навучаньня. У зьвязку з гэтым пераважная большасьць навучэнцаў ЭГУ узялі акадэмічныя адпачынкі альбо дагэтуль безвынікова спрабуюць стаць студэнтамі дзяржаўных ВНУ.

Былая студэнтка 4 курсу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Аліса Сыракваша, як і бальшыня ейных сяброў, гэты навучальны сэзон прапускае. Кажа, ЭГУ закрылі так хутка, што амаль ніхто ня здолеў знайсьці альтэрнатывы.

(Сыракваша: ) “Пакуль чакаю. У БДУ ісьці ня хочацца, а здарылася так усё ліхаманкава, што я проста не пасьпела вырашыць: куды і чаго я хачу?”

(Карэспандэнт: ) “За мяжу хтосьці з вашых сяброў зьехаў?”

(Сыракваша: ) “Хто праходзіў стажыроўку ў ЗША, тыя там і засталіся. Некаторыя зьбіраліся ў Санкт-Пецярбург. Шмат хто падаў заяўкі ў Нямеччыну, але пакуль чакаюць вырашэньня”.

Тым часам стала вядома, што рэктар БДУ Васіль Стражаў падпісаў загад аб пераводзе ў БДУ болей за паўтысячы студэнтаў ЭГУ. Аднак Аліса Сыракваша перакананая, што загад вельмі запозьнены.

Чаму так? Аб гэтым распавяла ейная сяброўка Тацяна Чыдак. Паводле яе, група культуролягаў 4 курсу ЭГУ два тыдні абівала парогі адміністрацыі Белдзяржунівэрсытэту. Прычына – несупадзеньне абяцаньняў кіраўніцтва БДУ з рэальнымі прапановамі. Студэнты-чацьвёртакурсьнікі прымаюцца ў БДУ з умовай залічэньня на трэці курс: маўляў, няма адпаведных праграмаў, як і магчымасьці выкладаць асобныя культуралягічныя дысцыпліны з праграмы ЭГУ.

З гэтай прычыны бальшыня студэнтаў ужо забралі дакумэнты, каб паспрабаваць на наступны год перавесьціся ў іншыя ВНУ. Тацяна Чыдак з БДУ ўрэшце таксама разьвіталася.

(Чыдак: ) “Асабіста я забрала дакумэнты, паколькі мяне тыя ўмовы не задавальняюць. Такіх, як я, у групе пяцёра. Але некаторыя студэнты застаюцца, абы толькі атрымаць дыплём, усё роўна які. А вось тым, хто паехаў у Нямеччыну, выдадуць дыплём узору ЭГУ. Але грошай знайшлі пакуль толькі для 25 чалавек”.

Кіраўніцтва ЭГУ тым часам імкнецца дапамагчы сваім студэнтам уладкавацца за межамі краіны. Гэтымі днямі чакаюцца адказы на адпаведныя запыты з Польшчы, Расеі і Баўгарыі. Ня выключана, што дадатковыя вакансіі вылучаць таксама ЗША і Нямеччына.
XS
SM
MD
LG