Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дні” і гады групы “Індыга”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Прывітаньне аматарам музыкі! На цырымоніі “Рок-каранаваньня” была ў свой час такая намінацыя, якая называлася “Рок-князёўна”. Некалькі гадоў запар, апрача Касі Камоцкай, іншых прэтэндэнтак на атрыманьне “кароны” ў гэтай намінацыі не было. А вось калі б “Рок-каранацыя” адрадзілася, захаваўшы згаданую намінацыю, дык сёньня прэтэндэнтак на перамогу было б значна больш.

Некалькі гадоў існуе група “Індыга”, якая літаральна на другі год існаваньня дамаглася на фэстывалі “Басовішча” прызу – магчымасьці запісаць у Беластоку дэбютны альбом. Сёлета “Індыга” выступалі на “Басовішчы” ўжо як госьці, прэзэнтуючы праграму, заснаваную на матэрыяле альбому “Дні”. А ў студыі Беларускай Свабоды – вакалістка групы, якую ў музычным асяродзьдзі ведаюць як Русю. Праграма “Па-за тактам” вітае вас, спадарыня Руся. Хачу адзначыць наступнае: дыск “Дні”, на маю думку – нешта накшталт заяўкі на канцэптуальнае выданьне: кожная песьня прысьвечана аднаму зь дзён тыдня. Такое ўражаньне, прабачце, што перад запісам вам проста бракавала матэрыялу”.

(Руся: ) “Не, насамрэч матэрыялу нам не бракавала, але сапраўды, як вы адзначылі, у нас быў імпэт зрабіць нейкі канцэпт, таму што вельмі неяк сумна адкрываць кружэлку і бачыць, што там проста першы трэк, другі, трэці… А нам хацелася зрабіць наогул нешта цікавае такое, прыемнае, каб гэта было цікава глядзець, слухаць і падчас праслухоўваньня кружэлкі думаць: “А чаму ж гэта менавіта так, а не інакш?”

(Падбярэскі: ) “Індыга” пачыналі як група расейскамоўная. Вам што, сапраўды гэтак хацелася трапіць на “Басовішча”, што вы перайшлі на беларускую мову, ці гэта ўсяго толькі мае не зусім тактоўныя падазрэньні?”

(Руся: ) “Мабыць, вашыя падазрэньні маюць нейкую рацыю, таму што раней я працавала ў рэстарацыі ў горадзе Рэчыца, і ў маім рэпэртуары былі песьні на ангельскай мове. Гэта быў блюз, павольны рок, але калі я прыйшла ў гурт “Індыга”, хлопцы паставілі перада мной задачу сьпяваць па-расейску, таму што яны жадалі паехаць з гэтай праграмай расейскамоўнай у Расею і там рабіць нейкі бізнэс. Але я заўсёды жадала сьпяваць па-беларуску. На жаль, я не магла рабіць гэтага самастойна, таму што я шаную мову, паважаю і стараюся яе вывучаць, але я не валодаю моваю так добра, каб пісаць паўнавартасныя тэксты.

Доўгі час мы шукалі чалавека, які змог бы нам дапамагчы. І так склаўся лёс, што мы сустрэлі спадара Хадановіча, і ён зрабіў проста выдатную працу. Раней, калі мы сьпявалі на “Басовішчы”, мне было неяк сорамна за сваю мову, таму што, шчыра кажучы, даслоўныя пераклады расейскіх тэкстаў былі “скромным потугом”, а не якімі там цікавымі тэкстамі. Калі ж спадар Хадановіч зрабіў сваю працу… Цяпер я выходжу і так горда сьпяваю, таму што гэта сапраўды прыгожа”.

(Падбярэскі: ) “На вокладцы альбому “Індыга” выказвае падзяку многім вядомым людзям. Якое дачыненьне да нараджэньня альбому мелі, апрача згаданага ўжо Андрэя Хадановіча, Вячаслаў Шарапаў (ансамбль “Песьняры”) і вядомы харавік Кірыла Насаеў?”

(Руся: ) “Што тычыцца Вячаслава Шарапава, дык гэта мой калега яшчэ з часу працы ў горадзе Рэчыца. Калі я прыехала ў Менск і пачала сьпяваць у гурце “Індыга”, мы сустракаліся са Славам, ён увесь час неяк падказваў, накіроўваў, як лепш зрабіць аранжыроўку, як лепш прасьпяваць. Гэта ў нейкім родзе мой настаўнік музычны. А Кірыла Насаеў – непасрэдна настаўнік па вакалу. Ён адкрыў мой голас. Канечне, я цяпер ня супэр якая сьпявачка, але дзякуючы Кірылу Насаеву я шмат чаго змагла зрабіць, за што яму вялікі дзякуй, я яго вельмі люблю”.

(Падбярэскі: ) “Не магу не адзначыць стылёвай зладжанасьці вашага рэпэртуару, але чым больш (з задавальненьнем, прызнаюся) слухаю альбом “Дні”, тым больш мне мроіцца нябачная прысутнасьць у ім Касі Камоцкай. Вы не патлумачыце, спадарыня Руся, чаму?”

(Руся: ) “Шчыра кажучы, я не разумею, ці ёсьць там адгалоскі Касі Камоцкай. Ведаеце, у альбоме ёсьць насамрэч кавэр-вэрсія песьні “Цэпэліны”, але гэты Касін дух прысутнічае толькі ў гэтай песьні. А што тычыцца іншых, дык мне здаецца, што не. Там я, Руся”.

(Падбярэскі: ) “Як будуюцца творчыя ўзаемадачыненьні ў групе, дзе на першым пляне – вакалістка-дзяўчына?”

(Руся: ) “Вельмі добра! Таму што дзяўчына па сваёй прыродзе — яна такая хітрая, дыпляматычная, і заўсёды можа зрабіць так, як яна насамрэч жадае”.

(Падбярэскі: ) “А вы сапраўды хітрая?”

(Руся: ) “Так! Я не магу сказаць, што не, таму што я жанчына. Дзеўкі ж усе аднолькавыя! І калі ў нас здараюцца нейкія спрэчныя пытаньні, я прыходжу й пачынаю гэтак жаласна прасіць: ну хлопчыкі, ну калі ласка, я ж адзіная дзяўчына сярод вас, ну давайце зробім так…”

(Падбярэскі: ) “Звычайна кожную групу ведаюць па нейкай адной “хітовай” песьні. “Тры сонцы” маглі б на гэта прэтэндаваць, аднак 100-працэнтовага, як кажуць, хіта ў “Індыга” няма. Чаму?”

(Руся: ) “Мы таксама пераймаемся гэтым пытаньнем. Мы проста робім сваю справу, і мы ведаем, што нашая музыка нейкая сумная і, мабыць, нейкая дэпрэсіўная, але вось мы зьбіраемся на рэпэтыцыях – і гэта выліваецца ва ўсё тое, што назапасілася за той час, калі мы ня бачыліся, і нічога з гэтым мы зрабіць ня маем сілаў. Кожная песьня для мяне – гэта як маё дзіця. А, ведаеце, кожная маці сваё дзіця вельмі любіць, таму ўсе песьні для мяне добрыя. Што тычыцца гэтай кружэлкі, я б адзначыла “Тры сонцы” і “Танга на краі”. Мне здаецца, што гэта такія самыя лепшыя, фарматныя песьні. Мабыць, “Танга на краі” ці “Тры сонцы” могуць зрабіцца хітамі”.

(Падбярэскі: ) “Дарэчы, адносна фармату. Гэтыя песьні гучаць на FM-станцыях?”

(Руся: ) “У Берасьці гучаць, так. У Менску пакуль што не”.

(Падбярэскі: ) “Значыць, мода павінна прыйсьці ў Менск зь Берасьця… Ці з Рэчыцы”.

(Руся: ) “Менавіта так!”

(Падбярэскі: ) “Мяркуючы па тым, што альбом “Дні” непрацяглы па часе гучаньня, ёсьць падставы сумнявацца адносна хуткага зьяўленьня вашай новай праграмы”.

(Руся: ) “Самым складаным у выданьні кружэлкі, на жаль, застаецца фінансавае пытаньне. Мы ўжо зрабілі пару-тройку новых песень, але цяпер усе нашыя сілы кінутыя на тое, каб сумесна з гітарыстам гурту “Консул-бэнд”, Валерам Песьляком, зрабіць калядную праграму. Да Калядаў мы плянуем запісаць хаця б некалькі песень, нешта накшталт анталёгіі, таму што, да прыкладу, першы трэк будзе вытрыманы ў джазавай стылістыцы, другі – у фанку, трэці ў рок-н-роле, чацьвёрты там у хард-коры і гэтак далей. Мы плянуем зрабіць сучасныя апрацоўкі калядных песень разам з Валерам і музыкамі ягонага гурту і выдаць такі прыгожы альбом. Таксама з канцэпцыяй”.

(Падбярэскі: ) “Давайце паслухаем меркаваньне прадстаўніка акадэмічных музычных колаў Кірылы Насаева”.

(Кірыла Насаеў: ) “Шмат хто зь іх апантаны тым, што яны ўсе геніі ўжо, што яны гатовыя ўсіх тут ужо закідаць шапкамі, а яна добра да гэтага ставіцца і разумее, як дзяўчына ўжо больш старэйшага ўзросту, што гэта праца, што ня ўсё так проста даецца. Яна вельмі добра разумее, што ёсьць артыстызм, што ёсьць канцэртны стыль. Жывы чалавек такі. Ёсьць шмат “хіміі”, а яна – жывы чалавек. Тое, што яна выпусьціла, за гэта я яе ўжо шмат за што палаяў, таму што ў гэтым альбоме шмат чаго бракуе па музычнай форме. Ён па форме аказаўся вельмі сьціплым альбомчыкам. Самы ляканічны такі рокавы альбом за год. Ёсьць і нейкі фармалізм, але ж вельмі добра адпрацаваны – і прафэсійна адпрацаваны”.

(Падбярэскі: ) “Такое вось няпростае пытаньне: гэтае лета пазначылася гвалтоўнымі забаронамі канцэртаў беларускіх выканаўцаў. Які працяг, на вашую думку, атрымае гэтая тэндэнцыя?”

(Руся: ) “Я вельмі баюся таго, што будзе нешта накшталт савецкага часу, што такім гуртам, як “НРМ”, “Тарпач”, “Нэйра Дзюбэль” і гэтак далей давядзецца выступаць проста на кватэрах і ладзіць такія кватэрнікі. Ад гэтых думак мне вельмі сумна насамрэч робіцца, таму што мы жывем у такі час, калі наогул эўрапейскія краіны ня маюць такіх праблемаў – забароны канцэртаў. А ў нас, на жаль, гэта ёсьць. Я ня ведаю, як можна гэтаму перашкодзіць.

Мне здаецца, што гэтыя пастановы зрабілі нас неяк мацнейшымі. Напрыклад, раней я тэлефанавала Піту Паўлаву можа ўсяго раз на месяц, а цяпер раблю гэта шмат часьцей, і мы разам абмяркоўваем, што ж гэта такое робіцца, і плянуем, як далей рабіць гэтыя канцэрты. Гэта робіць нас неяк мацнейшымі, мабыць”.

(Падбярэскі: ) “Ня будзьма адчайвацца. Будзем усё ж глядзець у будучыню аптымістычна. Дзякуй, спадарыня Руся, за шчырыя адказы на мае часам не зусім тактоўныя пытаньні. Зычу вам асабіста і групе “Індыга” ня толькі новых, прыемных “Дзён”, але й “Тыдняў” і наогул – шмат гадоў у беларускай музыцы. Нагадаю, што госьцем праграмы “Па-за тактам” была вакалістка групы “Індыга” спадарыня Руся. Да сустрэчы!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG