Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат падвяргаюцца надзвычай пільным праверкам


Казімір Яноўскі, Гомель Акруговыя камісіі, якія ачольваюць пераважна вэртыкальныя чыноўнікі, з дапамогаю падаткоўцаў распачалі пільныя фінансавыя праверкі дэмакратычных вылучэнцаў у парлямэнт. Асабліва, так бы мовіць, шчыруюць кантралёры вакол прадпрымальнікаў і мясцовых палітычных лідэраў.

Вось што распавяла старшыня Гомельскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка – яна вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў 36 выбарчай акрузе абласнога цэнтру:

(Марчанка: ) “Зараз мяне пачала правяраць падатковая інспэкцыя Савецкага раёну. “Трасуць” і тых людзей, што некалькі гадоў таму працавалі ў мяне гандлярамі. Я мяркую, што робіцца гэта па заданьні акруговай выбарчай камісіі, хаця падаткоўцы гэта адмаўляюць. Шукаюць зачэпкі, каб не зарэгістраваць мяне кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту”.

Спадарыня Марчанка распавяла, што падаткоўцы ўзялі нават тлумачэньні ў жанчыны, якая рэалізоўвала тавар усяго два месяцы, у травені-чэрвені 2003 году. Цікавіліся, ці задаволена была гандлярка аплатай, ці столькі заробку сплачвала ёй Марчанка, колькі пазначана ў дамове, і г.д.

А ўчора ўвечары, ужо пасьля заканчэньня працоўнага дня, падаткоўцы таго ж Савецкага раёну прынесьлі прадпісаньне на праверку фінансавых дакумэнтаў бугальтару арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Сьвятлане Шубянок. Паколькі Тацяна Марчанка ўзначальвае суполку Свабоднага прафсаюзу, то, выглядае, шукаюць нейкіх зачэпак і з гэтага боку.

Навошта падаткоўцам такія дробязныя зьвесткі – 25 ці 30 тысячаў рублёў заплаціла тая ж спадарыня Марчанка рэалізатару свайго тавара? Праўдападобна, што ў выбарчай кампаніі гэта ня дробязь. Калі высьветліцца, што прадпрымальніца заплаціла, напрыклад, 25, а ня 30 тысячаў рублёў, як сказана ў дамове, то прэтэндэнтку на дэпутацкі мандат можна абвінаваціць ва ўтойваньні даходаў, неадпаведнасьці пададзенай дэклярацыі. Гэта падстава, каб ня рэгістраваць чалавека кандыдатам ў дэпутаты.

Альбо вось такі прыклад. У Калінкавічах, у 43-й выбарчай акрузе, кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучана былая прадпрымальніца Людміла Краснасельская. Цяпер яна сталася беспрацоўнаю. Дык вось, Калінкавіцкая падатковая інспэкцыя атрымала нейкім чынам 8 заяў ад супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры, у тым ліку і дырэктаркі, чальца ўчастковай выбарчай камісіі Людмілы Пінскай. Культработнікі напісалі, што вылучэнец у кандыдаты спадарыня Краснасельская прывозіла ім з Польшчы каўбасу і паштэты ў бляшанках.

Спадарыня Краснасельская паведаміла, што сапраўды прывозіла аднойчы з-за мяжы культработнікам па іхнай жа просьбе танную каўбасу. Аднак даходу з гэтага ня мела.

Дарэчы, акруговая камісія (яе ўзначальвае кіраўнік спраў Калінкавіцкага райвыканкаму Ганна Буглак), яшчэ не зарэгістраваўшы Людмілу Краснасельскую кандыдатам, ужо вынесла ёй папярэджаньне – за тое, што распаўсюджвала газэту “Время”, у якой нібыта ганьбіцца Аляксандр Лукашэнка.

А ў Гомелі акруговая камісія №37 прымушала вядомага палітыка Віктара Карнеенку прадставіць дакумэнты на дом, што заяўлены ў дэклярацыі. Юрысты Цэнтрвыбаркаму патлумачылі, што патрабаваньне – незаконнае.

Калі ўчыняецца такі ўціск, няважна чыімі рукамі, то выбарчыя камісіі, пэўна, ставяць сабе мэту расчысьціць поле для кандыдатаў ад улады. Пра гэта гамельчукі адкрыта гавораць. У акрузе, дзе вылучаецца ў парлямэнт Тацьцяна Марчанка, кандыдатам у дэпутаты ідзе загадчыца аддзелу адукацыі гарвыканкаму Ларыса Кузьняцова. Віктар Карнеенка стварае моцную канкурэнцыю намесьніку міністра ўнутраных спраў, дзейнаму дэпутату Леаніду Глухоўскаму. Ну а ў Калінкавічах, праўдападобна, сябра АГП Людмілу Краснасельскую ня хочуць бачыць канкурэнтам на выбарах намесьніцы старшыні аблвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Раісе Ціханскай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG