Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатам ад “Пяцёркі плюс” па Гарадзенскай акрузе №52 будзе Сяргей Антусевіч з БНФ


Сяргей Астраўцоў, Горадня Днямі стала вядома, што сябра АГП гарадзенец Уладзімір Чырвоненка ня будзе вылучацца ў Гарадзенскай цэнтральнай акрузе №52, і што акруга пакінутая для Сяргея Антусевіча, сябры партыі БНФ “Адраджэньне”. Высьветлілася, што такое рашэньне прыняў ня сам спадар Чырвоненка, а Палітсавет Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Выявілася таксама, што гэтае рашэньне прынятае толькі адносна аднаго канкрэтнага кандыдата і адной акругі.

Трэба сказаць, што вылучэньне ад партыі АГП спадара Чырвоненкі ў 52-й гарадзенскай акрузе выклікала сярод сябраў БНФ адмоўнае стаўленьне. Сяргей Антусевіч ужо даказаў здольнасьць сваёй каманды, паколькі быў абраны раней дэпутатам гарсавету. Вось меркаваньне сябры грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Франца Аўдзея:

(Аўдзей: ) “Тое, што Чырвоненка пайшоў на акругу Антусевіча, гэтага трэба было чакаць. Вялікіх сілаў у АГП, наколькі я ведаю, няма. І ісьці агітаваць у акрузе, дзе няма сваіх людзей і вялікай падтрымкі – гэта загадзя немэтазгодна”.

Рэч у тым, што Ўладзімер Чырвоненка спачатку вылучаўся шляхам збору подпісаў у Ваўкавыскай выбарчай акрузе №50. Подпісы ў камісію здадзены, і калі яго зарэгіструюць, ён будзе працягваць сваю выбарчую кампанію менавіта ў Ваўкавыску. Канешне, у Ваўкавыску ён невядомы, і ў Горадні меў бы больш шанцаў. Старшыня гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Юры Істомін тлумачыць:

(Істомін: ) “Калі Сяргей Антусевіч будзе зарэгістраваны ў якасьці кандыдата, то, натуральна, мы прыкладзем усе сілы, каб дапамагчы гэтаму чалавеку прасоўвацца далей. Гэта значыцца, мы, у сваю чаргу, выконваем свае дамоўленасьці, якіх мы дасягнулі ў рамках “Пяцёркі плюс”.

Трэба сказаць, што рашэньне аб зьняцьці кандыдатуры Чырвоненкі ў 52-й Гарадзенскай акрузе было прынятае пад ціскам. У Горадні партыя БНФ, БСДГ і Партыя працы прынялі рэзалюцыю наконт вылучэньня Ўладзімера Чырвоненкі ад партыі ў гэтай акрузе. Камуністы адсутнічалі, а АГП рэзалюцыю падпісваць адмовілася. У рэзалюцыі гаварылася пра тое, што АГП касуе дамоўленасьць па 52-й акрузе, дасягнутую ў рамках “Пяцёркі плюс”.
XS
SM
MD
LG