Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры праходзіць выстава аб броварскіх традыцыях на Беларусі


Галіна Жарко, Менск Выстава аб традыцыях піваварства ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі, адкрытая першымі верасьнёўскімі днямі, саслужыла добрую службу клясным кіраўнікам. Яны прыводзяць на экскурсіі школьнікаў і залічваюць гэта за правядзеньне мерапрыемства па барацьбе супраць алькагалізму.

Пазнаёміць школьнікаў з культурай і традыцыямі піваварства было рэкамэндавана на жнівеньскім пэдагагічным савеце. І я была сьведкам, як экскурсавод акцэнтавала ўвагу групы на невялікіх памерах куфляў для піва. І расказвала пра тое, што прыстойнаму шляхціцу аднаго гэткага куфля хапала на цэлы вечар. Пасьля экскурсіі я запыталася ў падлеткаў – ім па 14-15 гадоў – аб уражаньнях.

(Карэспандэнтка: ) “Вам спадабалася выстава?”

(Падлеткі: ) “Чаму ж! Было цікава. Бутэлькі незвычайныя. На іх ня было яшчэ этыкетак. Нанесены арнамэнт нейкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто-небудзь каштаваў піва?”

(Падлеткі: ) “Усе!”

(Карэспандэнтка: ) “Якое каму падабаецца?”

(Падлеткі: ) “Лідзкая нулёвачка”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы пакаштавалі розныя гатункі й ўжо можаце выбіраць, так?”

(Падлеткі: ) “Ну, вядома. У парках. На адпачынку”.

(Карэспандэнтка: ) “І дзяўчаты таксама?”

(Падлеткі: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якога ўзросту дзеці каштуюць піва і разумеюць у гатунках?”

(Падлеткі: ) “Я вельмі рана пачаў. Мой бацька п’е піва. Некаторыя пачынаюць з 12. некаторыя з 9”.

На жаль, піва падлеткі рассмакавалі. І хіба ж яны павераць, што, шляхціц, п’ючы проста з бочкі, трымаючы яе над галавою, болей выліваў на адзеньне, чым трапляла яму ў рот? Гэтак расказвае – экскурсія па-расейску – добрая цётухна-экскурсавод. Але паслухаць пра даўнейшы шкляны посуд, пра старажытныя сакрэты тэхналёгіі сапраўды цікава.

Казачнае слова “эль” – гэта цёмнае піва. Ну, а аматары сьветлых гатункаў маглі б ганарыцца выбарам стылю “лягер”. Але каб піць піва са шляхотным гонарам... Неяк да гонару зьвялася мая размова з яшчэ адным наведнікам, які не пагадзіўся з тым, што ня можа памятаць традыцыяў:

(Наведнік: ) “Ну, не такі я й малады чалавек!.. Я яшчэ памятаю піва па 27 капеек, “Жыгулёўскае”.

(Карэспандэнтка: ) “На выставе вас што-небудзь уразіла?”

(Наведнік: ) “Цікава на бутэлькі падзівіцца. Ёсьць жаданьне, каб у Менску быў сапраўдны музэй піва. Беларусь таксама Эўропа. Традыцыі ўжываньня ў нас ёсьць. Іх проста ня трэба забываць”.

(Карэспандэнтка: ) “Альбо ўспомніць?..”

(Наведнік: ) “Так. Альбо ўспомніць. Я патрыёт. “Аліварыя залатое”. Ззаду засталіся ўсе расейскія, бо яны нежывыя”.

16 беларускіх заводаў выпускае 50 гатункаў піва. Гэта таксама расказваюць на экскурсіі. А вось ідэю пра тое, што “для беларускае нацыянальнае ідэі піва – адна з магчымасьцяў прарыву ў масавую сьвядомасьць. Ці падсьвядомасьць”, я прачытала ў артыкуле Алеся Белага ў часопісе “Спадчына” №1 за 2000 год. Рэкамэндую. Традыцыі піваварства выкладзеныя падрабязна й цікава.

Штодзённай нормай шляхціца, паводле сп. Белага, было, дарэчы, паўгарца вялікага або малы гарнец – гэта 2,8 літра. За год набіралася 700-1000 літраў. “У параўнаньні нават з сучаснымі чэхамі, сусьветнымі рэкардсмэнамі (160 літраў на чалавека ў год) гэтыя лічбы ўражваюць”, піша аўтар артыкула. Што да Беларусі, дык на той час, на 2000 год, ён падаў лічбу 20 літраў на чалавека за год. На падлеткавы піўны алькагалізм гэтага дастаткова, а як для шляхціца, які ўмее піць з гонарам... Што тут сказаць...
XS
SM
MD
LG