Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ганс-Георг Вік: Палітычныя ўрады Эўропы мусяць зрабіць сваю асобную заяву адносна рэфэрэндуму ў Беларусі


Ул. інф. Нямецкі дыплямат Ганс-Георг Вік паведаміў у інтэрвію Свабодзе, што абвешчаны Лукашэнкам рэфэрэндум ёсьць добра пралічанай палітычнай партыяй. Аднак менавіта такім крокам Лукашэнка можа прывесьці сваю краіну ў прорву, — і ўсё дзеля таго, каб яшчэ раз быць абраным на прэзыдэнта.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Вік, ёсьць інфармацыя, што праз хуткі час пасьля абвяшчэньня Лукашэнкам рэфэрэндуму ў Нямеччыне адбылася сустрэча ўсіх колішніх і цяперашніх амбасадараў ФРН і АБСЭ ў Менску. Вядома, што вы таксама бралі ўдзел у ёй”.

(Вік: ) “Так. Такая сустрэча адбылася. У часе яе мы абмяркоўвалі пытаньні зьместу цяперашніх дачыненьняў зь Беларусьсю, абмяркоўвалі аналіз цяперашняй сытуацыі й тое, як Беларусь апынулася ў ёй. Зразумела, я не магу вам перадаваць меркаваньняў калегаў, якія прагучалі ў часе гэтае сустрэчы. Гэта ня ёсьць маім абавязкам”.

(Карэспандэнтка: ) “У такім выпадку, ці не маглі бы пазнаёміць слухачоў з вашай уласнай пазыцыяй? Ці вядуцца цяпер у палітычных колах Нямеччыны ўвогуле нейкія дыскусіі наконт абвешчанага беларускім кіраўніком рэфэрэндуму?”

(Вік: ) “Так. У нас цяпер шмат меркаваньняў наконт таго, якія наступствы можа выклікаць гэты крок. Прычым, трэба прызнаць, Лукашэнка вельмі добра пралічыў сваю партыю. Спачатку ён даслаў запрашэньні на адрас міжнародных назіральнікаў АБСЭ і толькі затым зрабіў заяву наконт рэфэрэндуму. Маўляў, вы прыяжджаеце назіраць за вольнымі выбарамі, і такім чынам вы можаце назіраць за легітымнасьцю рэфэрэндуму. Тактычна гэта вельмі разумны крок.

Аднак менавіта гэты крок, улічваючы досьвед былых савецкіх краінаў, выклікае вялікую небясьпеку ў асяродку заходніх назіральнікаў. Пытаньне эўрапейскага дэмакратычнага парадку, якое зьяўляецца асновай, пад пагрозай парушэньня. Крок Лукашэнкі абсалютна не адпавядае тым інтэграцыйным працэсам, якія назіраюцца цяпер у Эўропе”.

(Карэспандэнкта: ) “Якімі могуць быць дзеяньні тых эўрапейскіх назіральнікаў, якія прыедуць у Менск?”

(Вік: ) “Яны, назіральнікі, з майго гледзішча, мусяць канцэнтравацца выключна на выбарах. Што да рэфэрэндуму, то яны, канечне, могуць мець сваё крытычнае меркаваньне на гэты конт, але яны ня мусяць назіраць за ім. Палітычную заяву адносна рэфэрэндуму эўрапейскія ўрады і міжнародныя арганізацыі павінны зрабіць незалежна ад вынікаў назіраньня за выбарамі”.

(Карэспандэнтка: ) “Незадоўга да рэфэрэндуму вы, разам з двума іншымі ўсходнеэўрапейскімі экспэртамі Кляўсам Зэгбэрсам і Гэзінэ Шван атрымалі ад міністра Ёшкі Фішэра адказ на свой ліст. У гэтым лісьце, як вядома, вы папярэджвалі кіраўніка нямецкага МЗС адносна небясьпечнай палітычнай сытуацыі ў Беларусі. У якасьці захадаў вы прапаноўвалі забарону на ўезд у Эўразьвяз для беларускага кіраўніцтва. Цяпер такога кроку з боку Брусэлю можна будзе чакаць?”

(Вік: ) “Галоўнае, каб у беларускай прэсе ўсё ж было растлумачана беларускай грамадзкасьці, што Лукашэнка ў зьвязку зь ягонай палітыкай будзе яшчэ далей адлучаны ад эўрапейскай супольнасьці. Хацеў бы падкрэсьліць той момант, што Лукашэнка такім чынам рухае Беларусь у бездань. І ўсё дзеля таго, каб дасягнуць толькі адной мэты — яшчэ раз быць абраным. Трэба таксама падкрэсьліць, што Лукашэнка — прадукт уласнай аўтарытарнай палітыкі, але не прадукт надзеяў і дзеяньняў беларускіх грамадзянаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Аднак у палітычным кіраўніцтве Нямеччыны ці пачалася дыскусія на конт таго, як быць далей зь Беларусьсю?”

(Вік: ) “Так. Ёсьць меркаваньні, што Захад і надалей мусіць структурна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і такім чынам уплываць на апазыцыйную палітыку ў краіне. Гэта тое, што прадугледжваецца палітычнымі й міжнароднымі праваабарончымі коламі ў зьвязку з тым разбурэньнем Канстытуцыі й ігнараваньнем міжнародных абавязкаў, якія зыходзяць ад Лукашэнкі”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці й дыстанцыя ад афіцыйнай палітыкі Менску?”

(Вік: ) “Так. Я дадаў бы таксама, што гэта гатовасьць да ўзмацненьня радыё- і тэлевяшчаньня на Беларусь. Гэта перадачы, якія маглі бы ахапіць краіну і, зразумела, аб’ектыўна паведамлялі пра падзеі ў ёй. Гэта тое, што робіць ваша радыё”.
XS
SM
MD
LG