Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляніяльная спадчына: расейскія прозьвішчы


Сяргей Дубавец, Вільня Новая перадача сэрыі “Вострая брама”.

Штуршком для сёньняшняе размовы стаў ліст ад слухача “Вострае Брамы”, які я атрымаў напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Слухач, што падпісаўся як Алесь Глінскі, выказваецца на тэму балючую, бо жывую і адначасова вельмі далікатную, бо амаль інтымную. Гаворка ідзе пра нашыя прозьвішчы. Вось фрагмэнты гэтага ліста:

“Няхай мы саромеемся ў грамадзкіх месцах гаварыць па-беларуску, няхай мы лянуемся агітаваць суседзяў за тое, каб блізкая школа стала беларускай, няхай мы ня здолелі вынесьці плёну з кампаніі грамадзянства БНР... Гэта сьведчыць, што мы не пачуваемся грамадзкай сілай і ня здольныя пакуль сваю беларускую тоеснасьць давесьці астатнім праз грамадзянскія ўчынкі. Але няхай. Так ёсьць. Іншая рэч, што сваю беларускую тоеснасьць мы можам сьцьвярджаць і без адважных учынкаў, а толькі перамогшы ўласную апатыю і ляноту. Найперш гэта тычыцца выхаваньня дзяцей дома па-беларуску. Праўда і гэта для многіх выглядае ўчынкам. Урэшце, ёсьць яшчэ адзін спосаб самасьцьвярджэньня, цалкам індывідуальны.

Вядома, што за часамі расейскае калянізацыі імпэрскія ды савецкія адміністратары ня толькі запісвалі беларусаў расейцамі, але й перакручвалі беларускія імёны ды прозьвішчы на расейскі лад. Кавалі рабіліся Кавалёвымі, Жукі Жукавымі і г.д. Было й такое, што сялян зь беларускіх земляў, якія Кацярына ІІ раздавала сваім вяльможам, называлі прозьвішчамі гэтых вяльможаў – адсюль сярод беларусаў Гагарыны ды Шарамецьевы. Нарэшце, мноства расейцаў рознымі царскімі ды савецкімі прызывамі перасяляліся ў Беларусь, абжываліся тут і траплялі ў нашыя радаводы, пакідаючы нам свае прозьвішчы.

Справа нават не ў крыві, што цячэ ў жылах, а ў тым, кім мы сябе мысьлім. Няцяжка ўявіць сабе Іванова, які пачуваецца беларускім патрыётам, але ў сытуацыі расейскага прэсінгу, якім бы ён ні быў патрыётам, ён фармальна разбурае анамастычны партрэт нацыі, яе самасьць і адрознасьць ад іншых. Іваноў нараджае Івановых, Іваноў запаўняе сваім прозьвішчам квіткі, шыльды і тэлефонныя кнігі, надпісы на могілках, каб урэшце выклікаць зьдзіўленьне другога Іванова – расейскага патрыёта, які пачынае разважаць, што беларусы – эта це жэ рускія, якія прыдумалі беларускі язык.

Словам, гаворка ідзе пра перамену прозьвішча – акт пэрсанальнае, так бы мовіць, самабеларусізацыі. Калі мы нічога ня можам зрабіць з тым, што беларускі горад усё больш прыпадабняецца да Варонежа, дык можам зрабіць дробязь, каб самім не прыпадабняцца да варонежцаў.

Мы мусім думаць пра сваю пэрспэктыву і тыя магчымасьці, што засталіся ў нас у межах нашае пэрсанальнае аўтаноміі. Беларусь толькі пачынаецца. Ці будзе яна моцнай – гэта залежыць у тым ліку і ад такіх вось “дробязяў”.

(Дубавец: ) Апошняе слова слухач “Вострае Брамы” ўзяў у лапкі.

Праблема дэрусіфікацыі прозьвішчаў паднятая ў гэтым лісьце ці не ўпершыню. Мне вядомыя прыклады, калі чалавек мяняў сваё прозьвішча, але найчасьцей гэта было зьвязана зь немілагучнасьцю. Як зьява сьцьверджаньня нацыянальнае саматоеснасьці ў нас такое публічна не агалошвалася. Магчыма тут ніякай праблемы і няма. Хіба што прыклады суседніх народаў, найперш літоўцаў, якія гадоў дзесяць таму даволі масава пазбаўляліся ад славянскіх суфіксаў, не дазваляюць адмахнуцца ад гэтае тэмы. Тое, што многія з нас носяць каляніяльную спадчыну ў сваіх прозьвішчах, – гэта факт. Ён настолькі ж неабвержны, як і невыкарчоўны. Дапусьцім, можна зьнесьці помнікі каляніяльным правіцелям ці правесьці моўную рэформу ў інтарэсах беларушчыны. З прозьвішчамі ўсё выглядае і нашмат больш проста, і нашмат больш складана. Іх загадам не пераменіш. Тут кожны вырашае сам.

Пачнем з таго, адкуль такія прозьвішчы ўзяліся. Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў, бадай, як ніхто іншы цэніць чалавечы радавод. Адна зь ягоных кніг так і называлася “Мой радавод да пятага калена”...

(Арлоў: ) “Узьнікненьне прозьвішчаў з расейскімі канчаткамі ў беларусаў зьвязана зь вельмі канкрэтнай падзеяй. Менавіта зь дзеяньнямі расейскіх акупацыйных уладаў пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе. Тады, калі адбываўся перапіс насельніцтва далучаных усходнебеларускіх земляў, царскія пісарчукі атрымалі адпаведны загад. І вось менавіта тады дзясяткі, сотні тысячаў, напэўна, нашых продкаў атрымалі вось гэтыя расейскія канчаткі да сваіх прозьвішчаў. Менавіта тады Каты сталі Котавымі, Кавалі – Кавалёвымі, Жукі – Жукавымі. Дарэчы, былі зрусіфікаваныя і імёны. Язэпы сталі Іосіфамі, Тамашы Фамамі і г.д. А вось пасьля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, у 1793-95 гадах, чамусьці, царскія адміністратары пра гэта забыліся. І таму ў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі прозьвішчы нашых продкаў захаваліся значна лепей, чым ва ўсходняй частцы.

Была яшчэ адна хваля русіфікацыі прозьвішчаў. Гэта тады, калі Віцебская і Магілёўская губэрні неўзабаве пасьля абвяшчэньня БССР літаральна паз пару тыдняў былі адрэзаныя ад БССР і далучаныя да РСФСР”.

(Дубавец: ) Падобную вэрсію паходжаньня расейскіх прозьвішчаў у сучасных беларусаў выказвае і мовазнаўца Вінцук Вячорка. Сапраўды, да моманту далучэньня беларускіх земляў да Расеі Івановых і Сідаравых у нас не было.

(Вячорка: ) “Гэта праўда, што іх практычна не было. Яны зьявіліся тады, калі зьявілася акупацыйная адміністрацыя. Аднак, шчыра кажучы, я думаю, што, адрозна ад укараненьня расейскіх школаў, расейскага войска і расейскай веры, тут якраз працавала такая тупая інэрцыйная машына – пісары і адміністратары ведалі, што прозьвішча павінна быць на –ов, а калі чалавек мае прозьвішча Баран альбо Арол альбо Пятровіч, дык гэта ненармальна і трэба альбо нарасьціць альбо абсячы. Я ведаю прыклады з больш сьвежай гісторыі – зь 19-га і нават з 20-га стагодзьдзя. Ёсьць такое беларускае прозьвішча Варывоцкі. Яно паходзіць ад мянушкі або таксама ад прозьвішча Варывода або Варывада. І носьбіты гэтага прозьвішча былі ці то высланыя ў Сібір, ці то самі зьехалі, шукаючы лепшае долі, у эканамічную эміграцыю. Тамтэйшыя адміністратары або пісары, відаць, успрымаючы беларускае “в”, любое “в” як прыстаўное ці ўстаўное, яго там выкінулі, і гэтыя людзі былі запісаныя Варіоцкіе. І потым, ужо вярнуўшыся ў Беларусь, іхныя нашчадкі паводле законаў беларускае мовы сталі пісацца Варыёцкія. Я сустракаўся зь імі, мы зь імі разам рэканструявалі старажытную форму і цяпер яны ўжо гэтую форму ўжываюць. То бок, калі-нікалі гэта ішло проста ад непісьменнасьці, інэрцыйнасьці і можа нават гэтыя пецярбурскія палітыкі й ня ведалі, што такім інструмэнтам можна таксама нішчыць нацыянальную самасьвядомасьць беларускага народу. Хаця, безумоўна, пэўная частка людзей з прозьвішчамі на –оў, -еў іх маюць у выніку вось такой паўзучай іменаслоўнай русіфікацыі 19-га стагодзьдзя”.

(Дубавец: ) Можна, відаць, спрачацца пра тое, ці адрозьніваецца сьвядомая русіфікацыя ад несьвядомай. Калі пісарчук запісаў магілёўскага селяніна Кулака Кулаковым, яны, магчыма, і не прыдалі гэтаму ніякага значэньня. Але ў той момант літаральна зьмяніўся сьвет. Нашчадак Кулака з расейскім прозьвішчам Кулакоў праз сто гадоў у новым расейскім перапісе быў пазначаны расейцам. І зноў ня ўзьнікла пярэчаньняў. Бо чым Кулакоў беларус адрозьніваецца ад Кулакова расейца? А ўжо ягоны нашчадак у трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя быў канчаткова раскулачаны і патрапіў у Сібір. Такім чынам для ягоных нашчадкаў, што нарадзіліся на пасяленьні, усякае дачыненьне свайго роду да Беларусі і да беларускае нацыі было сьцёртае назаўжды. А цяпер узьвядзіце гэты прыклад у ступень бясконцасьці і атрымаеце ўяўленьне пра тое, што адбылося. Паспрабуйце, будучы Кулаковым, адшукаць сваіх родзічаў праз інтэрнэт. Вам давядзецца перагледзець 50 тысяч сайтаў безь ніякай надзеі на хоць якую ўскосную інфармацыю. Таму мяне асабіста не зьдзіўляе ўчынак таго беларуса Кулакова, які дзеля аднаўленьня справядлівасьці і свайго праўдзівага радаводу зноў становіцца Кулаком. Праўда, погляды на гэтую справу могуць быць розныя.

(Арлоў: ) “Я думаю, што пытаньне, ці варта Кавалёвым рабіцца Кавалямі або Жукавым Жукамі, -- гэта праблема асабістага выбару. Кожны павінен вырашаць сам. Калі беларус адчувае праз сваё прозьвішча нейкі комплекс непаўнавартасьці, то, відаць, можна пайсьці на гэты крок. Я, напрыклад, ведаў хлопца на прозьвішча Яжоў, які рабіў настойлівыя захады, сутыкаючыся, натуральна, з супрацівам у розных інстанцыях, рабіў захады, каб памяняць сваё прозьвішча Яжоў, сапраўды, ня вельмі сымпатычнае, з пэўнымі аналёгіямі, на прозьвішча Яжэвіч. Спадзяюся, што ў яго атрымалася.

Што да майго прозьвішча, дык я займаўся ягонай гісторыяй. І хоць у мяне ў дзяцінстве і студэнцтве былі мянушкі кшталту Граф, трэба сказаць, што да графаў тыя Арловы, зь якіх я паходжу, маюць такое, я б сказаў, апасродкаванае дачыненьне. Рэч у тым, што мой тата паходзіць з тых мясьцінаў колішняй Магілёўскай губэрні, дзе Кацярына ІІ шчодра раздорвала землі і прыгонных сялянаў сваім фаварытам братам Арловым, якія дапамаглі ёй узысьці на расейскі трон. І вось лясная вёсачка з 58-мі хатаў, адкуль родам мой тата, спрэс Арловы. Сяляне, далёкія мае продкі, былі запісаныя на прозьвішча памешчыка.

Ці ня думаў я мяняць сваё прозьвішча? Не, ня думаў. Але ў юнацтве, калі пачаліся мае літаратурныя практыкаваньні, калі зьявіліся першыя публікацыі, я падумваў пра тое, каб узяць сабе псэўданім. Тым больш, што ў літаратуры было некалькі Арловых. Некаторыя мае тэксты сапраўды друкаваліся пад рознымі псэўданімамі. Але потым я наважыўся сьцьвердзіць менавіта сваё імя і сваё прозьвішча. Вырашыў пісаць так, каб чытач не пераблытаў мяне зь іншымі Арловымі і зь іншымі літаратарамі”.

(Дубавец: ) Уладзімеру Арлову гэта ўдалося, яго сапраўды ні з кім ня зблытаеш. Хоць гэта хутчэй унікальны, чым тыповы прыклад. Вінцук Вячорка таксама пазьбягае даваць рэкамэндацыі зьмяніць прозьвішча, шукаючы іншых варыянтаў самаідэнтыфікацыі для сучаснага беларуса.

(Вячорка: ) “Беларусам можна быць, нават носячы прозьвішча Феафілактаў. Гэта насамрэч абсалютна не залежыць ад таго прозьвішча, якое дасталося ад продкаў і форма якога або суфіксацыя абумоўленыя пэўнымі канкрэтнымі гістарычнымі варункамі. Я лічу, што значна больш чалавек можа сьцьвердзіцца як беларус, як носьбіт беларускай моўнай сьведамасьці, патрабуючы, каб ягонае прозьвішча пісалася на ўсіх мовах, а ня толькі на беларускай, адпаведна беларускаму вымаўленьню і няхай сабе не ў супярэчнасьці з правапісам той мовы, на якой яно пішацца, але перадаючы максымум беларускіх рысаў. Прыкладам, я сваё прозьвішча пішу на ўсіх мовах толькі Вячорка. І маю рацыю. Бо па-беларуску маё прозьвішча можна напісаць толькі адным спосабам, а па-расейску дванаццацьцю спосабамі. Ну калі б кожны з нас гэтага дамагаўся, гэта было б ужо вельмі важным крокам для сьцьверджаньня адметнасьці беларускага моўнага космасу нават у расейскай інфармацыйнай прасторы.

Мяркую, што гэта сапраўды індывідуальная справа кожнага носьбіта такога прозьвішча – ці перарабіцца Арловаму на Арла, але насамрэч я ня бачу ў гэтым нейкага зародку, нейкай такой паважнай кампаніі, за якой бы стаяла наша нацыянальнае самасьцьверджаньне. Ёсьць цэлае гняздо прозьвішчаў на –ёнкаў, -енкаў, -янкоў. Прыкладам, Канёнкаў – ведамы скульптар, або Бацянкоў. Гэтыя ўсе прозьвішчы паходзяць ад суфіксаваных варыянтаў Канёнак, Бацёнак. Такіх прозьвішчаў на –онак, -ёнак багата на Полаччыне і паўночнай Магілёўшчыне. А –онкаў, -ёнкаў, -енкаў – гэта смаленскія прозьвішчы. І я б іх не чапаў, бо мне яны дазваляюць беспамылкова вызначыць, што такі чалавек мае карані ў нашай Смаленшчыне”.

(Дубавец: ) Цяпер -- пра самы далікатны і спрэчны аспэкт. Калі чалавек зьмяняе сваё прозьвішча, ці не парушае ён нейкіх істотных правілаў, у тым ліку этычных?

(Арлоў: ) “Калі мы загаварылі пра зьмены запісу ў пашпарце, я хачу адцеміць такі вельмі істотны, на маю думку, нюанс. Адна рэч – зьмяніць сваё імя, і зусім іншая рэч – зьмяніць прозьвішча. Імя – гэта зьява, катэгорыя больш асабістага характару. А прозьвішча цесна зьвязанае з такім паняцьцем як род, радавод. Калі казаць пра імя, то на маіх сустрэчах з чытачамі ў апошнія гады досыць тыповым бывае пытаньне, як выхаваць дзіця беларусам, з чаго пачаць. Я звычайна раю пачаць з выбару імя, каб потым не давялося яго мяняць. Раю пачаць з выбару адметнага, старадаўняга, гістарычнага, можа быць, беларускага імя, каб яно змушала свайго ўладальніка, так бы мовіць, падцягвацца да гэтага галоўнага слова ў лексыконе. Таму што імя, як некалі Дэйл Карнэгі сказаў, гэта самае каштоўнае, самае дарагое слова ў чалавечым лексыконе. Я раю даць дзіцёнку такое імя, каб яно, скажам, праграмавала лёс чалавека. У мяне ёсьць знаёмыя Вітаўты, Усяславы, Дамінікі, Рагнеды, Францішкі і, здаецца, ім імя нікому ў жыцьці не замінае, а толькі дапамагае. Ну але гэта што да праблемы перамены імёнаў. Я ўжо казаў, што гэта пытаньне асабістага выбару і пытаньне больш прыватнае, чым пытаньне перамены прозьвішча.

Я мяркую, што калі чалавек вырашае зьмяніць сваё прозьвішча, ён заўсёды выяўляе пэўную большую ці меншую, але непавагу да продкаў, якія мелі гэтае прозьвішча цягам стагодзьдзяў. І ня проста чалавек дэманструе гэтую непавагу, але ў нейкім сэнсе рве сувязь з гэтым родам, з духоўнай энэргіяй продкаў”.

(Дубавец: ) Уладзімер Арлоў кажа пра непавагу і страту энэргіі. Натуральна, у кожным прыватным выпадку зьмена імя мусіць ацэньвацца па-свойму.

Варта дадаць, што за савецкім часам беларусы і самі часьцяком перараблялі свае прозьвішчы пад “перадавое” расейскае гучаньне.

Аднак ёсьць і грамадзкі аспэкт. Я б зьяднаў яго з ацэнкай моўнай рэформы 1933 году, якая мела рэпрэсіўны і русіфікатарскі ў дачыненьні да беларушчыны характар. У грамадзкім сэнсе зьява паўзучай іменаслоўнай русіфікацыі, як назваў яе Вінцук Вячорка, мусіць быць ацэненая адэкватна – як замах на самабытнасьць беларускае нацыі. Урэшце менавіта такая ацэнка стымулюе нас да вывучэньня гісторыі свайго прозьвішча.

(Вячорка: ) “Увогуле рэстаўраваць, рэканструяваць беларускую форму свайго прозьвішча, скажам, паводле стану на 18 ст. – карысна. Карысна кожнаму, як карысна кожнаму продкаў сваіх да сёмага калена ведаць, але на гэта ня кожны здатны. Ня кожны гэтага захоча і ня трэба ад кожнага гэтага вымагаць. Іншая рэч – пасьлядоўнае і няўхільнае пісаньне свайго прозьвішча адпаведна правілам фанэтыкі беларускай мовы на любой іншай мове. Гэта значна важней”.

(Дубавец: ) Цяпер я хацеў бы вярнуцца да ліста, зь якога пачаў сёньняшнюю перадачу і падкрэсьліць заключаную ў ім ідэю самабеларусізацыі. Сапраўды, чалавеку, які адчувае няздольнасьць да грамадзкае дзейнасьці, а адначасова -- адчай у той сытуацыі, што склалася вакол роднае мовы і нашых нацыянальных каштоўнасьцяў, такому чалавеку ёсьць мноства спосабаў канструктыўнага індывідуальнага дзеяньня. Крыху фантазіі або прыкладаў іншых нацыяў – і кожнаму знойдзецца такое адпаведнае яму дзеяньне.

Гэта як навядзеньне парадку ў доме пасьля нашэсьця няпрошаных “гасьцей”. Мы зноў хочам адчуваць, што гэта наш дом і ўсё тут наша і мы тут – у сябе. Як вяртаюцца назвы гарадам – так вяртаюцца і прозьвішчы людзям.
XS
SM
MD
LG