Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прэсавая сакратарка Х.Саляны: “Калі б рэфэрэндум быў цалкам свабодным і справядлівым, дык, найбольш верагодна, зьмены не прайшлі б”


Юры Сьвірко, Менск Як паведаміла Радыё Свабода Крыстына Гэляк, прэсавая сакратарка прадстаўніка Эўразьвязу ў справах агульнай замежнай палітыкі й бясьпекі Хаўера Саляны, на сваім паседжаньні ў панядзелак Рада агульных справаў і замежных дачыненьняў Эўрапейскага Зьвязу не закранала пытаньне санкцыяў супраць Беларусі ў зьвязку з абвешчаным рэфэрэндумам.

(Гэляк: ) “Сёньня пытаньне санкцыяў не абмяркоўвалася, але вы добра ведаеце, што гэта пытаньне, якое будзе пакладзенае на стол Эўрапейскага Зьвязу”.

Я спытаўся ў спадарыні Гэляк, ці значыць заява Эўразьвязу, што ён прызнае права Беларусі на рэфэрэндум, тое, што вынікі гэтага рэфэрэндуму могуць быць прызнаныя Эўропай.

(Гэляк: ) “Тое, што мы думаем, – калі б рэфэрэндум быў цалкам свабодным і справядлівым, дык, найбольш верагодна, не прайшлі б зьмены, якія прапануе прэзыдэнт краіны. Таму гэта пытаньне, якое выклікае вялікую занепакоенасьць. Было б вельмі цяжка ў свабодным і справядлівым працэсе пагадзіцца адкрыта на чарговы тэрмін прэзыдэнта”.

Прэсавая сакратарка Хаўера Саляны дадала, што ў цяперашніх умовах – пры кантролі над СМІ ды над апазыцыяй Эўразьвяз ня бачыць магчымасьці для правядзеньня свабоднага й сумленнага рэфэрэндуму. Паводле Крыстыны Гэляк, Эўрапейскі Зьвяз будзе назіраць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі й будзе гучна выказвацца ў тым выпадку, калі гэта разьвіцьцё пойдзе ў няправільным напрамку.

(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Гэляк, калі Аляксандар Лукашэнка заявіць, што рэфэрэндум скасаваў для яго абмежаваньне на ўдзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах, якімі будуць дзеяньні Эўразьвязу?”

(Гэляк: ) “Я не магу сказаць зараз, якімі будуць гэтыя канкрэтныя дзеяньні Эўрапейскага Зьвязу, апрача таго, што мы цалкам асуджаем практыку, якая не дазваляе свабоды выказваньня й дэмакратыі ў краіне. Вы ведаеце, што гэткай была й ёсьць пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу”.

Іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG