Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае тэлебачаньне цытуе журналіста беларускай “Свабоды”, але без “але”...


RFE/RL У гэтыя дні па беларускім тэлебачаньні ў агітацыйнай кампаніі за рэфэрэндум паказваюць урывак інтэрвію супрацоўніка Беларускай службы Радыё Свабода Юрыя Дракахруста – у абрэзаным выглядзе.

Некалькі месяцаў таму журналісты Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык далі ў Празе інтэрвію для фільма рэжысэра Віктара Шавялевіча пра першыя гады беларускай незалежнасьці. Здымкі праводзіла прыватная чэская кампанія. Рэжысэр памёр, і фрагмэнт адзьнятага матэрыялу, які апынуўся у распараджэньні супрацоўніка тэлебачаньня Казіяткі, цяпер выкарыстоўваецца ў агітацыйнай кампаніі ў падтрымку рэфэрэндуму.

Камэнтар Юрыя Дракахруста падаецца ў абрэзаным выглядзе, і гледачы пазбаўлены магчымасьці пазнаёміцца з поўнай ацэнкай эканамічнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Рэдакцыя мае поўны запіс інтэрвію і прапануе нашым чытачам поўны тэкст. На пытаньне “Што прадэманстравалі першыя крокі каманды Лукашэнкі ў галіне вырашэньня эканамічных праблемаў, гатовасьці да правядзеньня рэформаў, у галіне зьнешнепалітычных прыярытэтаў?” адказвае Юры Дракахруст:

(Дракахруст: ) “Ведаеце, першыя крокі каманды Лукашэнкі (асабліва эканамічныя) былі вельмі станоўчыя. Калі вяртацца да нашай размовы пра няпэўнасьць беларускай намэнклятуры... дык да яго намэнклятура баялася, што называецца, “назваць кошку кошкай”, назваць “білет нацыянальнага банку Беларусі” беларускай нацыянальнай валютай. “А як гэта? Як мы ад расейскага рубля адарвёмся?” Ужо Расея сама выкінула Беларусь з рублёвай зоны, а яны ўсё баяліся.

А Лукашэнка правільна зрабіў. Адно, дарэчы, зь першых рашэньняў Лукашэнкі было – прызнаньне беларускага рубля беларускім рублём, кошкі – кошкай. Вельмі правільным, хаця і балючым і непапулярным крокам была лібэралізацыя цэнаў на хлеб у 1994 годзе. Праводзілася яшчэ шэраг рэформаў, пра што сьведчылася тады і шчыльнае супрацоўніцтва з МВФ.

Вельмі такой "дзіўнай" зьявай, асабліва на фоне дзікай інфляцыі пачатку 90-х гадоў, была стабільнасьць беларускага рубля ў 1995 годзе. Курс не мяняўся год. І гэта – шчыра скажам – заслуга ня толькі спадара Станіслава Багданкевіча, тагачаснага старшыні Нацыянальнага Банку, а і Лукашэнкі таксама”.

На гэтым месцы інтэрвію Юрыя Дракахруста ў эфіры беларускага тэлебачаньня было спыненае. Працяг, які быў абрэзаны:

(Дракахруст: ) “Але ўжо ў лістападзе 1994 году адбылося знакамітае і славутае "адкручваньне цэнаў". Калі Лукашэнка сказаў, што цэны там на нешта ўзьняліся няправільна, і я патрабую іх адкруціць. Дарэчы, тады ж рэйтынг Лукашэнкі ўпаў вельмі нізка, і магчыма гэта быў адно з самых нізкіх значэньняў гэтага рэйтынгу за час ягонага кіраваньня.

Ведаеце, я б тут правёў такую аналёгію. Мы, беларуская служба Радыё Свабода, ў мінулым годзе размаўлялі зь Лехам Валэнсам. І вось мы яго спыталі: "спадар Валэнса, вось вы ў свой час былі чалавекам-легендай, надзеяй Польшчы. Але на апошніх выбарах прэзыдэнцкіх вы набралі 1 працэнт галасоў. Чаму?" Ведаеце, што ён адказаў? Ён сказаў – "Тады, у 1989 годзе, я мог стаць дыктатарам. Але я не захацеў. Я спаліў сябе дзеля свабоды і дзеля дэмакратыі".

Лех Валэнса зрабіў такі выбар. Аляксандр Лукашэнка зрабіў іншы выбар.”

***

Камэнтар дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука:

(Лукашук: ) “Мы рады, што дзяржаўнае тэлебачаньне лічыць ацэнкі журналістаў Свабоды вартымі шырокай рэтрансьляцыі. Мы шкадуем, што гэта робіцца такім чынам, што гледачы ўводзяцца ў зман што да пазыцыі, выказанай ў інтэрвію.

Радыё Свабода імкнецца ў сваіх перадачах да аб’ектыўнасьці. Мы заўсёды намагаемся прадставіць слова ў эфіры другому боку, запрашаем выказаць меркаваньне прадстаўнікоў ураду, праваахоўных органаў, мясцовай улады. На жаль, часьцей за ўсё яны адмаўляюцца гаварыць для “Свабоды”. І не таму, што іх словы будуць скрыўленыя, вырваныя з кантэксту, будзе скажоны сэнс іх выступу – мы з павагай ставімся да сваіх суразмоўцаў і імкнёмся прадставіць слухачам увесь дыяпазон меркаваньняў. Гэтыя людзі проста баяцца, баяцца начальства, баяцца нашкодзіць сваёй кар’еры, баяцца за сваіх дзяцей.

Калі рэжысэр Шэвялевіч зьвярнуўся да супрацоўнікаў “Свабоды” па інтэрвію для свайго фільма, мы зыходзілі з прынцыпаў свабоднай журналістыкі: кожны мае права выказаць сваю думку. І мае права спадзявацца на тое, каб гэтая думка была данесеная да аўдыторыі цалкам. Такое разуменьне было дасягнутае з рэжысэрам, які, на жаль, заўчасна памер.

Мы ў рэдакцыі маем поўны аўдыёзапіс інтэрвію нашых калег і пры неабходнасьці будзем знаёміць зь іх зьместам слухачоў, якія самі ацэняць спосабы, да якіх мусіць зьвяртацца дзяржаўныя СМІ, каб агітаваць за рэфэрэндум.

Адначасна падкрэсьлю, што журналісты “Свабоды” гатовыя да адкрытага дыялёгу ў жывым эфіры на любыя тэмы. Нам, напрыклад, падаюцца асабліва важнымі абмеркаваць пытаньні зьнікненьня былых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі – Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, а таксама Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, важным падаецца пытаньне міжнароднай ізаляцыі – чаму прэзыдэнт Беларусі гадамі ня можа наведаць з афіцыйным візытам ніводную краіну Эўразьвязу, затое расьце колькасьць палітычных эмігрантаў, таксама важным для будучыні краіны падаецца пытаньне стану беларускай мовы і паўнамоцтваў парлямэнту, незалежнай прэсы і турэмных прысудаў за вершы, недзяржаўнай адукацыі і стабільнасьці канстытуцыі. Калі вы хочаце пачуць абмеркаваньне ўсіх гэтых і іншых тэмаў – заставайцеся са “Свабодай”!
XS
SM
MD
LG