Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі супрацоўнікі КГБ сарвалі перадвыбарчы сэмінар маладых сацыял-дэмакратаў і папярэдзілі швэда Альбэна Далена, што яго дэпартуюць


Казімер Яноўскі, Гомель 11 верасьня ў Гомелі супрацоўнікі мясцовай управы КГБ і міліцыі сарвалі сэмінар маладых сацыял-дэмакратаў, прысьвечаны рэфэрэндуму і парлямэнцкім выбарам. Госьця сэмінару, міжнароднага сакратара арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў са Швэцыі Альбэна Далена папярэдзілі: калі ён не пакіне сёньня Беларусі, то будзе дэпартаваны.

Міжнародны сакратар арганізацыі маладых сацыял-дэмакратаў са Швэцыі Альбэн Дален прыехаў у Беларусь навязаць кантакты зь беларускай моладзьдзю і падзяліцца досьведам правядзеньня выбарчых кампаніяў.

У Гомелі Альбэн Дален удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе, на якім мясцовыя сацыял-дэмакраты стваралі грамадзкую суполку “Самаадукацыя” і ладзілі семінар на тэму “Рэфэрэндум як парушэньне найважнейшага дэмакратычнага прынцыпу зменнасьці носьбіта ўлады”.

У гатэль “Кастрычніцкі”, дзе праводзіліся сход і сэмінар, і зьявіліся надвячоркам 11 верасьня маёр міліцыі Аляксандар Тамко з напарнікам і паўдзясяткам супрацоўнікаў КГБ зь відэакамэрай. Пад выглядам праверкі пашпартнага рэжыму быў учынены дагляд актавай залі і ператрус пакояў, дзе спыніліся ўдзельнікі сэмінару зь іншых рэгіёнаў. Госьця са Швэцыі таксама дапыталі, прычым здымалі на відэакамэру. Вось што сказаў пасьля гэтага нашаму радыё Альбэн Дален:

(Дален: ) “Яны не прадставіліся, не прад’явілі дакумэнтаў і задалі вельмі шмат пытаньняў наконт таго, што я раблю ў Беларусі, якая мэта ўдзелу ў сходзе. Я адказаў, што зьяўляюся прадстаўніком моладзевай арганізацыі Швэцыі. Прыехаў дзеля ўсталяваньня і разьвіцьця стасункаў беларускай і швэдзкай моладзі. Я напішу гнеўны артыкул у сваёй газеце. У нашай краіне такая сытуацыя ня можа ўзьнікнуць у прынцыпе. На мой погляд, будзе вельмі дзіўна, калі ў Беларусі правядуць сумленныя выбары. Доказ таму — цяперашнія падзеі”.

Спадара Далена супрацоўнікі КГБ папярэдзілі, што ён будзе дэпартаваны, калі сёньня не пакіне Беларусі.

У сэмінары маладых сацыял-дэмакратаў браў удзел прэтэндэнт у кандыдаты парлямэнту, дзейны дэпутат Гомельскага гарсавету Юрась Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Гэта рэакцыя ўладаў, які бачыць у кожным мерапрыемстве грамадзкасьці нейкую пагрозу і робяць усё, каб людзі не маглі ніяк вольна сустрэцца і абмеркаваць любыя пытаньні, якія іх цікавяць”.
XS
SM
MD
LG