Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП распачне збор подпісаў супраць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск Палітычная рада Аб’яднанай грамадзянскай партыі падтрымала ініцыятыву сваіх сябраў аб зборы подпісаў грамадзянаў, якія выступаюць супраць пажыцьцёвага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі й адмены палажэньня Канстытуцыі, якое абмяжоўвае колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для адной асобы.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер патлумачыў, што з ініцыятывай аб зборы подпісаў выступіла вялікая колькасьць сябраў партыі, і кіраўніцтва АГП падтрымала яе. Збор подпісаў мяркуецца пачаць найбліжэйшым часам. Заплянаваныя розныя варыянты гэтай кампаніі. Як паведаміў спадар Альфер, подпісы будуць зьбіраць кандыдаты ў сваіх акругах. Акрамя таго, ініцыятары плянуюць надрукаваць формы падпіснога ліста ў незалежных газэтах, каб іх чытачы маглі далучыцца.

Апошні варыянт збору подпісаў, праз публікацыю лістоў у газэтах, выкарыстоўваўся падчас палітычнай галадоўкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, акывістаў АГП і БНФ. Адным з патрабаваньняў той акцыі было недапушчэньне трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Тады было сабрана каля 10 тысяч подпісаў. Адзін з ініцыятараў той кампаніі дэпутат Уладзімер Парфяновіч гэтым разам пэсымістычна паставіўся да ініцыятывы збору подпісаў — на гэта ўжо няма часу, кажа ён.

Тым ня менш, як паведамілі ў іншых дэмакратычных партыях, гэтая ініцыятыва АГП будзе разглядацца і ў фармаце “Пяцёркі”, каб выкарыстаць яе ў агітацыйнай кампаніі супраць рэфэрэндуму разам зь іншымі захадамі — дзейнасьцю Кангрэсу дэмакратычных сілаў, масавымі акцыямі.
XS
SM
MD
LG