Лінкі ўнівэрсальнага доступу

RBI.de: “Захад таксама вельмі занепакоены магчымай фальсыфікацыяй пры падліку галасоў”


Ул. інф. Камэнтуючы заяву беларускага кіраўніка адносна рэфэрэндуму, незалежная нямецкая інтэрнэт-газэта rbi.de піша: “Як і разьяднаная беларуская апазыцыя, Захад таксама вельмі занепакоены магчымай фальсыфікацыяй пры падліку галасоў і маніпуляцыяй грамадзкай думкай з боку афіцыйных беларускіх мэдыяў — усё гэта ўжо назіралася ў 2001 годзе”.

Паводле аглядальніка інтэрнэт-газэты rbi.de, Захад недаацэньвае рэальную падтрымку Лукашэнкі з боку 10-мільённага беларускага насельніцтва. Звыклае для заходніх мэдыяў клішэ “Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы” ўспрымаецца ў гэтай краіне калі не з абурэньнем, дык з крыўдай. Далёка ня ўсе беларусы згодныя з тым, што іхная краіна — паліцэйская. Многія перакананыя, што адрозна ад іншых постсавецкіх рэсрублік, тут існуе сапраўдная сацыяльная стабільнасьць. Беларусы атрымліваюць свае заробкі й пэнсію своечасова і рэгулярна. Ня так даўно Лукашэнка паабяцаў ім узьняць месячны заробак да 250 даляраў у месяц.

Зразумела, крытычныя выпады Брусэлю і Вашынгтону супраць менскага кіраўніцтва выкліканыя не эканомікай. Беларускі лідэр пастаянна дэманструе сваё ігнараваньне міжнароднай супольнасьці. У часе ірацкай вайны ў 2003 Менск дэманстратыўна стаў на бок Іраку. Прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі неаднойчы знаходзілася пад пагрозай закрыцьця. Ня так даўно дэлегацыі амэрыканскіх сэнатараў было адмоўлена ў візыце ў Менск.

Тым часам, піша rbi.de, Расея фактычна падтрымала абвешчаны Лукашэнкам рэфэрэндум. Як заявіла расейскае МЗС, гэта ёсьць правам сувэрэннай дзяржавы. Раней у жніўні Ўладзімер Пуцін запрасіў Лукашэнку на сустрэчу ў Сочы, хаця меў падставы не рабіць гэтага. Абодва кіраўнікі прадэманстравалі адкрытае паразуменьне й падтрымку.

Грамадзяне Беларусі возьмуць удзел у рэфэрэндуме адначасова з парлямэнцкімі выбарамі. Апошні дэмакратычна абраны ў 1995 годзе парлямэнт, быў распушчаны Лукашэнкам літаральна праз год — у 1996-м. На сёлетніх выбарах сваіх кандыдатаў у дэпутаты гатовыя вылучыць восем апазыцыйных партыяў. Лідэр адной зь іх камуніст Сяргей Калякін адкрыта выступае супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкавага прэзыдэнцтва. Паводле ягоных словаў, гэта няздольнасьць беларускага кіраўніка падрыхтаваць сабе сапраўднага пераемніка. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў восем апазыцыйных партыяў аб’яднацца ў пытаньні рэфэрэндуму. Усе гэтыя партыі, як і раней, дзейнічаюць у Беларусі легальна, піша rbi.de.
XS
SM
MD
LG