Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы “Боінг” для Аляксандра Лукашэнкі дастаўлены ў Менск


Ігар Карней, Менск На лётнішчы “Менск-2” прызямліўся самалёт “Боінг” эксклюзіўнай мадэлі “737-500 Бізнэс-Джэт”, збудаваны на замову Адміністрацыі прэзыдэнта адмыслова для Аляксандра Лукашэнкі. Свой першы вылет на новым борце кіраўнік Беларусі, верагодна, зробіць на саміт кіраўнікоў СНД у Астане 15 верасьня.

Інфармацыю пра тое, што ў амэрыканскім Сыэтле, на стапэлях аднаго зь лідэраў самалётабудаваньня, карпарацыі “Боінг”, будуецца супэркамфартабэльны авіяляйнэр “Боінг” для Аляксандра Лукашэнкі, трымалася ў сакрэце болей за два гады. Толькі пры канцы мінулага году стала вядома, што самалёт здадзены і там жа, у ЗША, пачалося аздабленьне салёну, расфарбоўка зьнешніх паверхняў, а таксама прафэсійная падрыхтоўка экіпажу і тэхнічнага пэрсаналу. І вось напярэдадні позна ўвечары новы “Боінг” прызямліўся на лётнішчы “Менск-2”, заняўшы месца побач са старым самалётам Лукашэнкі, Ту-154. На просьбу Радыё Свабода гэта пацьвердзіў дзяжурны зьмены лётнішча:

(Дзяжурны зьмены: ) “Ён ужо дастаўлены. Стаіць побач з Ту-154, на літэрнай стаянцы “Белавія”. Так што, з сымболікай, з усім астатнім ён ужо тут”.

Колькі каштаваў бюджэту новы “Боінг” для Аляксандра Лукашэнкі — не афішуецца. Але з улікам, што 10-гадовыя машыны базавай мадэлі “737-500” дагэтуль набываліся ў сярэднім за 25 мільёнаў даляраў, адмыслоўцы дапускаюць, што кошт супэркамфартабэльнага авіяляйнэра люксавай клясы “Бізнэс-Джэт” значна перавысіў 100 мільёнаў даляраў. Паводле прадстаўніка Дзяржаўнага камітэту авіяцыі, абслугоўваць новы “Боінг” даручана адмыслоўцам Нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”.

(Біцан: ) “Як і прэзыдэнцкі Ту-154, ён будзе замацаваны за “Белавія”. Яго ж абслугоўваць некаму трэба. Гэта ў нас ужо трэці, а на падыходзе яшчэ і чацьверты “Боінг”.

Паказаць свой новы самалёт калегам-прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка зможа 15 верасьня, падчас саміту кіраўнікоў СНД у Астане.
XS
SM
MD
LG