Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Няўжо апазыцыя спадзявалася, што Лукашэнка добраахвотна адмовіцца ад улады?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Ва ўсіх лістах, якія я выбраў для сёньняшняга агляду, абмяркоўваецца тэма рэфэрэндуму – галоўнай палітычнай падзеі ў Беларусі, якая можа прадвызначыць будучыню дзяржавы на некалькі наступных дзесяцігодзьдзяў. Пачну з электроннага ліста ад Аляксандра Федуковіча з Наваполацку. Слухач паведамляе, што раней, акрамя ўдзелу ў алімпійскім конкурсе, ніколі не пісаў на Свабоду. Але тое, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў крок да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва, выклікала жаданьне паразважаць над гэтай праблемай. Аляксандар Федуковіч піша:

“Лукашэнка адважыўся на самы радыкальны варыянт. Парлямэнцкія выбары цяпер адыходзяць на дзесяты плян: іхныя вынікі фактычна неістотныя на тле вынікаў рэфэрэндуму для будучыні Беларусі. Шчыра кажучы, я практычна ня маю сумневу, што народ падтрымае ідэю рэфэрэндуму (думаю, ён нават атрымае адсоткаў 70-75). Проста альтэрнатыўны бок ня мае належнай магчымасьці для тлумачэньня сваёй пазыцыі: інфармацыйнае поле ў Беларусі цалкам кантралююць улады. Ужо сёньня, 8 верасьня, навіны Першага дзяржаўнага тэлеканалу пачаліся з рэпартажу, як у Віцебску глядзелі зварот Лукашэнкі й цалкам яго падтрымліваюць. А гэта ж толькі пачатак: агітацыйная спружына пачне раскручвацца. Напэўна, пачнецца бясконцы сэрыял прапагандысцкіх фільмаў пра тое, як кепска ў суседніх краінах (асабліва ў Расеі), і як добра ў нас.

Праўда, удзел апазыцыі ў выбарах дае ёй дадатковыя маленькія магчымасьці для сваёй агітацыі ў пытаньнях рэфэрэндуму. Напэўна, цяпер нават можа надысьці яе зорны час. Але для пачатку ёй неабходна хоць бы аб’яднацца. Калі верыць сацыялягічным апытаньням, палова насельніцтва не падтрымлівае ідэю трэцяга тэрміну. Гэта вялізная частка электарату. І можа надысьці час для нараджэньня беларускага Каштуніцы. Але гэта – у тэорыі. У апанэнтаў улады, скажам шчыра, дастаткова адмоўны імідж у вачах простага абываталя, на якога і разьлічвае Лукашэнка.

Увогуле, прадвызначанасьць выніку рэфэрэндуму залежыць галоўным чынам ад таго, ці спрацуе прынцып “Важна ня тое, як галасуюць, а як лічаць”. Ці магчыма, каб лічылі правільна? Магчыма ў выпадку ціску на выбарчыя камісіі. Ціск будзе, калі будзе сапраўды магутная падтрымка народа адмоўнага адказу Лукашэнку, а таксама калі сваё слова скажа Расея. Ня ведаю, ці атрымаў Лукашэнка карт-блянш у Сочы. Вельмі ўжо дзіўная была тая сустрэча. Думаю, Расея магла б увогуле не рабіць рэзкіх рухаў: дастаткова кулюарнага ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу (чыноўнікаў, выбарчыя камісіі)”.

Як адрэагуе Расея ў выпадку, калі Аляксандар Лукашэнка абвесьціць пра сваю перамогу на рэфэрэндуме? Аляксандар Федуковіч адказвае на гэтае пытаньне так:

“Магу меркаваць, што дэ юрэ Расея не прызнае такія вынікі, альбо проста пастараецца іх не заўважыць. Але дэ факта будзе працягваць адносіны з Лукашэнкам. Толькі яны стануць больш прахалоднымі: нешта падобнае на адносіны з Туркмэністанам. Расея нібыта і не падтрымлівае рэжыму Ніязава (маўляў, гэта ўнутраная справа туркмэнаў), але, калі справа датычыць бізнэсу і грошай – усё астатняе адыходзіць у цень (згадайце газавыя пагадненьні).

Несумненна, пасьля рэфэрэндуму будзе абвешчана аб фальшаваньні яго вынікаў. Эўропа і ЗША, хутчэй за ўсё, не прызнаюць вынікаў такога плебісцыту. І тады будзе апошні шанец – на масавыя працяглыя хваляваньні ў Беларусі (югаслаўскі варыянт). Але ці магчыма гэта? Спадзяюся, што народ, калі яго сапраўды падмануць, зможа выступіць”.

Спрабуючы зазірнуць у будучыню, мы міжволі абапіраемся на мінулы досьвед. І калі для ўлады ўсё пройдзе паводле сцэнару, апрабаванага ў 1995 і 1996 гадах, дык сапраўды, спадар Федуковіч, усе вашы прагнозы павінны спраўдзіцца – і наконт маўклівай згоды Расеі, і наконт непрызнаньня вынікаў рэфэрэндуму Захадам, і наконт сьціплых магчымасьцяў апазыцыі супрацьстаяць фальшаваньням і махлярству.

Сапраўды, цяжка ў сёньняшніх беларускіх умовах чакаць, што 17–18 кастрычніка пасьля таго, як улада абвесьціць пра сваю трыюмфальную перамогу (а ў такім сцэнары сёньня мала хто сумняецца) на вуліцы Менску выйдуць сотні тысячаў людзей. Але гэтым жа сотням тысячам і мільёнам ніхто ня можа перашкодзіць у кабінах для галасаваньня выказаць сваю сапраўдную волю. І чым большы будзе маштаб гэтага супраціву, тым больш складана будзе тым, хто гатовы да махінацыяў і фальшаваньняў.

Электронны ліст ад Алега Багача са Швайцарыі, з гораду Лязаны. Слухач піша:

“Цікава, чаго гэта так лямантуе апазыцыя? Яна што – спадзявалася, што Лукашэнка будзе чакаць, пакуль скончыцца яго ўлада? Ён загартаваны савецкі правадыр. А ніхто з савецкіх правадыроў добраахвотна ўлады не аддаваў. Тут можа быць абмежаваная колькасьць варыянтаў. Апазыцыі давядзецца чакаць, пакуль прэзыдэнта пахаваюць у маўзалеі альбо ў якой-небудзь ганаровай сьцяне (варыянт Леніна-Сталіна-Брэжнева-Андропава-Чарненкі). У Беларусі такое магчыма гадоў праз сорак. Альбо знойдзецца які-небудзь спрытнюга кшталту Брэжнева ці Ельцына, які ўчыніць змову ўнутры (варыянт Хрушчова і Гарбачова).

“Аксамітнай” рэвалюцыі, на што спадзяецца апазыцыя, у Беларусі ніколі ня будзе. У вас – савецкі народ, які цьвёрдую ўладу абагаўляе й баіцца. Таму Лукашэнку застаецца толькі ўмацоўваць уласнае здароўе ды пэрыядычна чысьціць атачэньне ад розных сумнеўных асобаў, якія здольныя арганізаваць змову. Найлепшы варыянт – аб’яўляць іх ворагамі ці злодзеямі (вельмі добра дзейнічае: як гэта робіцца, Іосіф Вісарыёнавіч усім выдатна паказаў). Усім прывітаньне зь Лязаны й віншаваньне зь перамогай Аляксандра Рыгоравіча на рэфэрэндуме і выбарах 2006, 2011, 2016, 2021 і ўсіх наступных гадоў (патрэбныя лічбы можаце ўставіць самі)”.

Вашыя параўнаньні, спадар Багач, зьнешне эфэктныя, але наўрад ці можна лічыць іх карэктнымі. Несувымерныя маштабы названых вамі асобаў, непараўнальныя гістарычныя эпохі. Сталінскі Савецкі Саюз – магутная імпэрыя, абнесеная калючым дротам. Яна магла існаваць аўтаномна, нават ва ўмовах поўнай міжнароднай ізаляцыі. Да таго ж, тады ў Эўропе, асабліва ў міжваенныя дзесяцігодзьдзі, было шмат дыктатарскіх рэжымаў: у Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі. У сучаснай Эўропе аўтарытарны рэжым выглядае рэліктам, атавізмам мінулай эпохі. Прычым зьмянілася ня толькі атачэньне Беларусі – мяняецца грамадзкая сьвядомасьць унутры самой краіны. Наіўна лічыць, што беларусы ў сваёй большасьці застаюцца той жа саветызаванай нацыяй, што напачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў, якой вы, спадар Багач, напэўна, запомнілі яе да свайго ад’езду ў Швайцарыю.

Ліст ад Мікалая Лазука зь Менску, які паведамляе, што слухае Свабоду з 1956 году:

“Тады яе глушылі – так што даводзілася слухаць глыбокай ноччу, альбо зь 5-6-й гадзіны раніцы. Але нават у вёсцы, дзе чутнасьць лепшая, можна было пачуць праз глушылкі толькі сёе-тое. Але я лавіў кожнае слова, прыклаўшы вуха да “Сьпідолы” першых выпускаў. А цяпер вось ужо некалькі гадоў слухаю Беларускую Свабоду”.

Значную частку свайго вялікага ліста Мікалай Лазук прысьвяціў тэме беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў:

“Мне вельмі не падабаецца, калі Пазьняк увесь час паўтарае пра нейкія імпэрскія амбіцыі Расеі. Ды там адзін Хадаркоўскі мог бы купіць усю Беларусь разам з Лукашэнкам і ягонымі памагатымі, але ніхто не зьбіраецца гэтага рабіць. Пуцін вымушаны цярпець Лукашэнку, бо ў Расеі процьма такіх, якія толькі й чакаюць, каб Пуцін уцягнуўся ў беларускія справы. Але ў расейскага прэзыдэнта – самастойныя чыноўнікі, Дума, адукаваная эліта, інтэлігенцыя. Я ні разу ня бачыў і ня чуў, каб Пуцін падвышаў голас на падначаленых. Тым больш ён ніколі не дазваляў сабе абражаць і зьневажаць чыноўнікаў. Да таго ж, у Расеі яшчэ нікога ня кідалі ў турму за зьнявагу прэзыдэнта, хоць там шмат і Лімонавых, і Зюганавых, і іншых. Усе яны адкрыта так ганьбяць Пуціна, што тут, у Беларусі, іх бы ўжо даўно пасадзілі, як Леванеўскага”.

На заканчэньне Мікалай Лазук зь Менску робіць нам заўвагу:

“Навошта вы даяце магчымасьць лукашыстам скуголіць у вашым эфіры? Няхай тэлефануюць хоць сто разоў, пішуць хоць сто лістоў – ні ў якім разе ня трэба даваць у эфір іхнае мармытаньне. Няхай скуголяць па дзяржаўным тэлебачаньні ці радыё. А то вы, як тыя Дон Кіхоты: яны з вас сьмяюцца, што вось праз Свабоду ўдалося зьняважыць апазыцыю ды пахваліць Лукашэнку. А вам колькі разоў давалі магчымасьць выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні ці радыё? Ні разу!”

Чым жа мы, спадар Лазук, будзем адрозьнівацца ад такіх нелюбімых вамі дзяржаўных мэдыяў, калі станем такімі ж тэндэнцыйнымі, ня будзем адлюстроўваць розных пунктаў гледжаньня, а эфір пачнем даваць толькі тым асобам, чые меркаваньні лічым слушнымі? Чалавек толькі тады здольны зрабіць самастойны асэнсаваны выбар, калі ведае ўсю аб’ектыўную, праўдзівую інфармацыю пра падзею ці зьяву. І калі сёньня дзяржаўны тэле- і радыёэфір запоўнены спрэс агітацыяй за рэфэрэндум і за неабмежаваны тэрмін прэзыдэнцтва для Лукашэнкі, то ці шмат даверу можа быць да такіх мэдыяў у сур’ёзнага чалавека, які адказна глядзіць у сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду й нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG