Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каму мы прадамо свой высокі ўраджай?”


Падрыхтавала Сьвятлана Курс, Менск Агляд сьвежых нумароў беларускіх газэтаў

Паводле найноўшых зьвестак Сусьветнай арганізацыі здароўя й Нацыянальнага інстытута дэмаграфічных дасьледаваньняў, Беларусь займае другое месца ў сьвеце па колькасьці самагубстваў, а ў колькасьці аварыяў на дарогах уваходзіць у дзесятку. 25 забойстваў у тыдзень – норма для Беларусі – такія зьвесткі падае “Беларуская газэта”. Экспэрты аналізуюць гэтыя лічбы.

Увосень у Беларусі адчыняцца першыя гіпэрмаркеты, дзеля якіх гарадзкія ўлады перакрылі кісларод дробным гандлярам у кіёсках. Аднак з-за асаблівасьцяў інвэстыцыйнага клімату кошты ў гіпэрмаркетах будуць гэткімі ж самымі, як у звычайных крамах – піша тыднёвік “Беларуская газэта”.

“БГ” працягвае публікацыю новых зьвестак аб трагедыі ў Бэслане. Газэта падае найбольш аб’ёмную на беларускім мэдыя-рынку карціну трагедыі, аналізуючы яе прычыны, магчымых вінаватых і ўплыў на беларускі й расейскі палітычны кантэкст. Гэтым разам аглядальнік “Беларускай газэты” гутарыць са спэцкарэспандэнтам “Известий” у Бэслане Вадзімам Рэчкалавым. “Расея – краіна, у якой ідзе вайна, і мы павінныя паводзіць сябе адпаведна” – такая выснова інтэрвію.

“Белорусский рынок” аналізуе разьвіцьцё рэпрэсіяў і рэпрэсіўнага апарату у Беларусі. Суд носіць абвінаваўчы характар, а законы ўсё больш набываюць прывідны характар, – непакояцца аглядальнікі тыднёвіка. Рэдактар газэты “Дзень” Мікола Маркевіч, камэнтуючы для “БР” вырак у дачыненьні да лідэра прадпрымальніцкага руху Валерыя Леванеўскага, лічыць, што ўзмацненьне рэпрэсіяў – частка праекта ўладаў пад назваю “Рэфэрэндум”.

Эканамічны аглядальнік “БР” Валеры Дашкевіч у артыкуле “Пакуль абыйшлося” аналізуе стан эканомікі Беларусі пасьля “бітвы за ўраджай”. “Каму мы прадамо свой высокі ўраджай, пад які былі атрыманыя высокапрацэнтныя крэдыты, улічваючы, што нашыя суседзі па СНД і тым больш па ЕС не адчуваюць ніякае патрэбы ў прадукцыі сельскай гаспадаркі?”, задаецца пытаньнем экспэрт. “Цяперашні эканамічны бум у Беларусі вельмі нагадвае аналягічныя фазы “перагрэву эканомікі”, характэрныя для разьвітых краінаў у мінулым стагодзьдзі, піша Валеры Дашкевіч.

Тыднёвік “Брэсцкая газэта” піша пра самавольныя могілкі аўтамабіляў, якія засьмечваюць усю Берасьцейшчыну. Паколькі небагатыя беларусы набываюць аўто, якім па 10-14 год, тыя хутка зношваюцца. А грошай на ўтылізацыю няма.

Заўтра ў Берасьці адбудзецца канфэрэнцыя беларусаў-вайскоўцаў, якія 50 год таму пацярпелі ад прымяненьня атамнай зброі на Тоцкім палігоне ў Арэнбурскай вобласьці, паведамляе тыднёвік.

Як вядома, Беларусь займае трэцяе месца ў Эўропе па колькасьці разводаў. “Газэта Слонімская” дасьледуе сацыяльна-псыхалягічныя прычыны такога становішча ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG