Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танныя алькагольныя напоі – небясьпека для моладзі й бедных сем’яў


Міхал Стэльмак, Менск З залатымі ўзнагародамі вярнуліся дадому з міжнароднага конкурсу “Ялта. Залаты грыфон – 2004” беларускія вінаробы. Ці азначае такая перамога пра станоўчыя зьмены на айчынным спажывецкім рынку алькагольнай прадукцыі?

У конкурсе, які праводзіўся ў Ялце пад эгідай міжнароднай арганізацыі вытворцаў вінаграду і віна, брала ўдзел 12 краін. Сярод іх – прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі, Баўгарыі, Турцыі. У ліку іншых пераможцаў журы конкурсу адзначыла і беларускіх вінаробаў зь Берасьцейшчыны. Залатыя мэдалі атрымалі гатункі віна “Цыганскае каханьне” і “Вечаровая ілюзія”, якія прадстаўляў Пінскі завод кандытарскіх вырабаў.

Асабіста мяне зьдзівіла, што менавіта кандытарскае, а не вінаробнае прадпрыемства вырашыла паспаборнічаць у конкурсе на якасьць алькагольнай прадукцыі з замежнымі вытворцамі. Вось што я высьветліў у гутарцы з галоўным эканамістам Пінскага заводу кандытарскіх вырабаў Інай Шульга:

(Шульга: ) “98 працэнтаў прадукцыі прадпрыемства–гэта віно”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ў прадпрыемства такая назва?”

(Шульга: ) “Так адбылося. Яго перайменавалі. У пэрыяд барацьбы з п’янствам”.

(Карэспандэнт: ) “Вашаму прадпрыемству выгадна вырабляць сьпіртовыя напоі?”

(Шульга: ) “Гледзячы што. Пладовыя–так. Так склалася ў нашай дзяржаве. Выраб пладовых він мае 30 працэнтаў рэнтабэльнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “На вашу думку, ці трэба рэгуляваць колькасьць прадпрыемстваў, што вырабляюць сьпіртовыя напоі?”

(Шульга: ) “Так. Абавязкова трэба. Ня трэба, каб маленькія калгасы й саўгасы, у якіх няма першаснага вінаробства, выраблялі віно”.

А ці шмат у Беларусі такіх мінізаводзікаў? Дакладных зьвестак наконт калгасна-саўгасных сьпірт- ці вінзаводзікаў няма. Некаторыя, напрыклад, у афіцыйных справаздачах фігуруюць як зачыненыя – а насамрэч яны працуюць. Зараз, на пачатку восені, наступае час іх актыўнай дзейнасьці. Гаспадаркі атрымалі збожжа і садавіну новага ўраджаю, якія ёсьць сыравінай для вырабу алькагольнай прадукцыі.

У народзе кажуць, што якраз цяпер варта чакаць новай хвалі п’янства сярод насельніцтва. Тым больш, што Дырэктыва Аляксандра Лукашэнкі, якую яшчэ некалькі месяцаў таму гучна прапагандавалі як сродак эфэктыўнага змаганьня з п’янствам, зараз фактычна ня дзейнічае. Гаворыць нарколяг Клімавіцкага раёну Натальля Коўзан:

(Коўзан: ) “Дырэктыва – што? Проста напомніла яшчэ раз. А мы працуем і займаемся гэтым пастаянна”.

(Карэспандэнт: ) “Якая частка насельніцтва п’е?”

(Коўзан: ) “Каля 500 чалавек. Гэта толькі тыя, што стаяць на ўліку. А ёсьць і тыя, што ня ўлічаны. У асноўным п’юць вяскоўцы, якія атрымліваюць 30 тысяч рублёў у месяц. Набываюць сурагаты, напоі другога гатунку, што завозяць. Альбо самі займаюцца дома самагонаварэньнем”.

(Карэспандэнт: ) “Адкуль з’яўляюцца сурагаты?”

(Коўзан: ) “Гэта ўсё прывознае. З Расеі, яшчэ адкуль. У іх невысокі кошт, а таксычны эфэкт вялізны. Гэта паўсюдна так”.

Зараз праходзіць выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў. Ініцыятыўныя групы зьбіралі подпісы для вылучэньня кандытатаў у дэпутаты, мелі зносіны з выбарцамі, наведвалі кватэры й мелі магчымасьць, так бы мовіць, уласнаручна бачыць праявы гэтага сацыяльнага зла. Як мяркуюць многія ўдзельнікі выбарчай кампаніі, на гэтае зло дзяржава не зьвяртае аніякай увагі. Вось, у прыватнасьці, якімі назіраньнямі са мной падзялілася намесьніца старшыні зьліквідаванай Беларускай партыі працы Тацьцяна Ваніна, якая балятуецца ў Дзяржынскай выбарчай акрузе №80:

(Ваніна: ) “Сем’і, у якія я заходзіла і дзе пераважна сустракаліся выпіўшыя людзі – гэта вельмі бедныя сем’і. Як правіла, яны скардзіліся, што заробкі вельмі малыя, ні на што не хапае грошай. Гэта першае. А па-другое, паглядзіце на нашу моладзь. Калі я ўвечары іду па горадзе, а гэта раённы цэнтар: дзецям, падлеткам няма куды падацца. Яны зьбіраюцца гуртамі і, як правіла, у іх зьяўляецца бутэлька. І адсюль, з гэтых гадоў, калі дзецям няма чым заняцца, у іх няма спартовых залаў, няма ніякіх іншых інтарэсаў – і тады яны далучаюцца да гэтага віна і напояў. Яны ж каштуюць як газіроўка, як бутэлька газіраванай вады. Слабая эканоміка, нізкія заробкі і безвыходнасьць людзкая, якую яны топяць у віне”.
XS
SM
MD
LG