Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба змагацца за тое, каб было больш дэмакратычных дэпутатаў у парлямэнце, а не паміж сабой”, лічыць намесьнік старшыні АГП


Уладзімер Глод, Менск Выбарчая кампанія ў Беларусі яшчэ толькі набірае абароты. Да 17 кастрычніка, калі пройдзе першы тур парлямэнцкіх выбараў, яшчэ больш за месяц, а некаторыя дэмакратычныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты ўжо пачынаюць высьвятляць адносіны паміж сабой. Бадай, адзін з самых яскравых прыкладаў – віцебская Кастрычніцкая акруга № 19. Акруговая выбарчая камісія вынесла пісьмовае папярэджаньне патэнцыйнай кандыдатцы ў дэпутаты Вользе Карач, якая балятуецца тут ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

Падставай для такога рашэньня стаў зварот у выбарчую камісію спадарыні Грузьдзенкі, якая быццам бы бачыла, як нейкая жанчына агітавала дзьвюх іншых жанчын падтрымаць Вольгу Карач на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Спадарыня Карач аспрэчыла гэтае папярэджаньне ў Цэнтрвыбаркаме.

Але справа ня столькі ў гэтым: Вольга Карач гаворыць, што яе “падставілі” дэмакраты з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чый прадстаўнік спадар Аляксеенка таксама балятуецца ў гэтай жа акрузе:

(Карач: ) “Насамрэч, першая скарга была ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна афіцыйна не зафіксаваная, але яна дала падставу для таго, каб улады зразумелі той шлях, якім трэба ісьці. Кандыдат ад АГП прыйшоў да страшыні камісіі і ўсё яму патлумачыў”.

А што з гэтай нагоды гавораць прадстаўнікі Аб''яднанай грамадзянскай партыі? Я папрасіў пракамэнтаваць намесьніка старшыні партыі Аляксандра Дабравольскага – дарэчы, таксама патэнцыйнага кандыдата на дэпутацкі мандат. Зразумела, мяне, перадусім, цікавіў так бы мовіць маральны бок праблемы, паколькі паміж блёкамі “Пяцёрка+” і “Свабодная Беларусь” існуе дамоўленасьць не перашкаджаць адзін аднаму. І вось што я пачуў на гэты конт ад спадара Дабравольскага:

(Дабравольскі: ) “Дакладна пакуль на гэты конт сказаць нічога не магу. Мы пагаворым і высьветлім. А пункт гледжаньня такі: у нас трэба змагацца за тое, каб было больш дэмакратычных дэпутатаў у парлямэнце, а не паміж сабой. Таму трэба дамаўляцца. Я лічу, што канфліктаваць паміж сабой ня трэба. Вось такая мая пазыцыя”.

Наколькі тыповая такая сытуацыя? Наогул, пра падобныя рэчы звычайна імкнуцца не гаварыць. Але ж у многіх выбарчых акругах падалі на рэгістрацыю дакумэнты па 3-4 і нават 5 дэмакратычных кандыдатаў, і таму падобна, што пазьбегнуць канфліктаў не атрымаецца. Але больш выразна гэта будзе бачна пасьля заканчэньня рэгістрацыі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Нагадаю, што апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – 16 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG