Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады Шклова не заўважаюць агітацыі РНЕ?


Марыя Ўсьціновіч, Шклоў На цэнтральных вуліцах Шклова парасклеены ўлёткі Расейскага нацыянальнага адзінства, надпісы РНЕ чорнай фарбай намаляваныя на дамах. Як ставяцца да гэтага ўлады і жыхары Шклова?

Улёткі Расейскага нацыянальнага адзінства ёсьць на слупах, аўтобусных прыпынках і будынках у цэнтры Шклова. Частка зь іх – часткова пазрываныя, бачны толькі калаўрат. На іншых улётках напісана: “Каму належыць Беларусь? Калі ты хочаш, каб яна належала табе, уступай у РНЕ”. Для ўсіх цікаўных пазначаны нумар пэйджэру.

Наколькі гэтая агітацыя стасуецца зь цяперашняй кампаніяй, якая акцэнтуе стабільнасьць у Беларусі? Намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму ў справах ідэалёгіі Леанід Буевіч зьдзівіўся гэтаму пытаньню:

(Буевіч: ) “Вось толькі йшоў літаральна па цэнтры горада й нічога не бачыў”.

Аднак побач з будынкам райвыканкаму на сьценах жылых дамоў ёсьць і ўлёткі РНЕ, і намаляваныя вялізныя чорныя літары. Шклоўцы іх заўважаюць і абураюцца.

(Спадарыня: ) “Я, напрыклад, адмоўна стаўлюся і свайму дзіцю, у мяне дарослы ўнук, кажу, каб ня браў у гэтым удзелу”.

(Хлопец: ) “РНЕ – гэта фашыстоўская арганізацыя, яна не вядзе да дэмакартыі, а вядзе да таталітарнага рэжыму”.

(Спадар: ) “Гэта нікому не патрэбна. Нам бы хоць са сваім разабрацца, чым у расейскае лезьці”.

(Спадарыня: ) “Натуральна, што фашыстоўскім арганізацыям ня месца тут”.

Паводле неафіцыйных зьвестак, шклоўская групоўка РНЕ складаецца зь дзесятка маладых людзей, у асноўным – выпускнікоў ПТВ. Чаму ўлады не зьнішчаюць агітацыю РНЕ ў Шклове? Гэтае пытаньне хвалюе мясцовых дэмакратаў. Гаворыць кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Рыгор Костусеў:

(Костусеў: ) “На нашы звароты ў райвыканкам з абуральнымі фактамі пастаянных налепак, надпісаў фарбамі ды іншых улётак райвыканкамаўскія службы ўвагу не зьвяртаюць да гэтай пары”.

Чаму так адбываецца – сваё меркваньне выказвае рэдактар незалежнай газэты “Шклоўскія навіны”, сацыял-дэмакрат Аляксандар Шчарбак:

(Шчарбак: ) “Уладам, відаць, гэтая арганізацыя сёньня патрэбная. Калі мы напішам “Жыве Беларусь!” чырвонай фарбай, то адразу замазваюць, а РНЕ вісіць тры-чатыры дні. Як мы не зрываем, так ніхто іх і не зрывае”.

Паводле апошняй інфармацыі, улёткі і надпісы РНЕ таксама зьявіліся на шыльдах сельскіх гаспадарак і на аўтобусных прыпынках у вёсках Шклоўскага раёну.
XS
SM
MD
LG